190-годдзю з дня нараджэння Чакана Валіханава быў прысвечаны вечар у мінскім Доме дружбы, удзельнікамі якога сталі супрацоўнікі пасольства Казахстана, Кыргызстана ў Беларусі і іншых краін СНД, актывісты таварыства дружбы «Беларусь—Казахстан», выкладчыкі і студэнты мінскіх ВНУ і каледжаў.
Усяго двадцаць дзевяць гадоў жыцця падарыў лёс Чакану Валіханаву, якога сучаснікі параўноўвалі з імклівым метэарытам у свеце ўсходазнаўства. Было гэта ў другой палове ХIX стагоддзя. Малады казахскі даследчык і навукоўца паказаў сябе бліскучым географам, этнографам, гісторыкам, фалькларыстам. Сусветная навука не ведала падобных прыкладаў: ён здзейсніў неверагодна складанае падарожжа па малавядомым для даследчыкаў Кашгару (рэгіён Усходняга Туркестана). Яму пашчасціла знайсці ўнікальныя ўсходнія рукапісы. Ім створана першае сістэматызаванае апісанне рэгіёна з вызначанымі геаграфічнымі, дэмаграфічнымі, этнаграфічнымі характарыстыкамі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Цімур Жаксалыкаў нагадаў яскравыя прыклады з біяграфіі Чакана Валіханава: у 21 год малады таленавіты казах стаў членам Рускага імператарскага геаграфічнага таварыства, заклаўшы фундамент для сучаснага Цэнтральна-Азіяцкага ўсходазнаўства. Ён вывучаў побыт і гісторыю народаў Казахстана і Цэнтральнай Азіі, падтрымліваў сувязь з аўтарытэтнымі рускімі навукоўцамі і дзеячамі культуры.

Філасофія адносін такіх унікальных зорак заўжды выбудоўваецца на павазе да іншых народаў, іх культуры. Жыццё Чакана Валіханава з’яўляецца прыкладам адданасці навуцы і патрыятызму. Навуковец апярэджваў свой час, яго спадчына і сёння не губляе актуальнасці. Пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эрбол Султанбаеў, дацэнт гістарычнага факльтэта Белдзяржуніверсітэта Алег Перзашкевіч.

Член рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Рэспублікі Казахстан Сяргей Давыдаў заўважыў, што Беларусь і Казахстан аб’ядноўвае ўзаемная павага да суверэнітэту і традыцыйных каштоўнасцяў, актыўнае ўзаемадзеянне ў справах СНД, АДКБ і эканамічным супрацоўніцтве. Сувязі ў эканоміцы і вытворчасці няспынна пашыраюцца, рэалізуюцца праекты ў прамысловасці і аграпрамысловым комплексе. Мостам, які яшчэ больш умацоўвае сувязь нашых народаў на ўзроўні гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцяў, з’яўляюцца адносіны ў галіне культуры. Таму спадчына Чакана Валіханава выходзіць за рамкі геаграфічнай і этнаграфічнай меж.

Не толькі ўспаміны пра славутага навукоўца гучалі ў зале Дома дружбы. Тут была разгорнута выстава графікі — унікальных малюнкаў пра традыцыйныя казахскія народныя святы, абрады. Кожны малюнак суправаджаўся тэкстам з расповедам пра жыццё простых людзей, якое ў свой час плённа вывучаў Чакан Веліханаў.

Мілагучныя акорды народных інструментаў дапаўнялі атмасферу гэтага вечара. Фантазіі на тэму народных мелодый Казахстана выконваў ансамбль Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара