Top.Mail.Ru

У Мінску ўрачыста адкрылі новы адміністрацыйны будынак ГУУС Мінгарвыканкама

Сімвалічна, што гэта важная і доўгачаканая для сталічных вартавых правапарадку падзея адбылася ў Дзень беларускай міліцыі. На працягу больш як 70 гадоў мінскія міліцыянеры размяшчаліся ў будынку на Дабрамысленскім завулку. Са з’яўленнем новых падраздзяленняў на старым будынку дабудавалі шосты паверх, але гэтага аказалася недастаткова. У выніку было вырашана ўзвесці новы будынак міліцыі: па даручэнні кіраўніка дзяржавы 1 сакавіка 2023 года ў цэнтры горада пачалася маштабная будоўля.


Менш чым як праз два гады на месцы былой 41-й гімназіі з’явіўся сучасны шасціпавярховы корпус. Ход будаўніцтва знаходзіўся на асабістым кантролі міністра ўнутраных спраў, старшыні Мінгарвыканкама і начальніка мінскай міліцыі. Ужо зімой 2024 года супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў сталіцы пераехалі ў новы будынак з камфортнымі кабінетамі, сучаснай тэхнікай, музеем і прэс-цэнтрам.

«Сёння мінская міліцыя — гэта тыя людзі, якія цаной свайго жыцця робяць усё для таго, каб наша сталіца была такой цудоўнай, — падкрэсліла на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па горадзе Мінску Наталля КАЧАНАВА. — Сімвалічна, што ў такое цудоўнае свята мы адкрываем новы будынак галоўнага ўпраўлення мінскай міліцыі. Сапраўды, мы ўбачылі, што тут створаны цудоўныя ўмовы для вашай службы, і я ўпэўнена, што гэта можа вам яшчэ больш эфектыўна выконваць тыя задачы, якія стаяць перад вамі. Тыя задачы, якія ставіць перад вамі наш Прэзідэнт, Галоўнакамандуючы нашай краіны. Тыя задачы, якія ставіць перад вамі міністр унутраных спраў. І тыя задачы, якія вы ставіце самі перад сабой, бо вы — наш гонар. Мы ганарымся сваёй міліцыяй, супрацоўнікамі ўнутраных спраў: вы даказалі, што вы — сапраўдныя патрыёты сваёй краіны, цудоўныя людзі, якія сёння стаяць на варце бяспекі нашай дзяржавы».

Спікер павіншавала ўсіх прысутных з Днём беларускай міліцыі. «Вы робіце ўсё для таго, каб мір і згода былі на нашых вуліцах, каб нашы людзі жылі ў спакойнай краіне і мірных гарадах, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава. — Дзякуй вам вялікі і нізкі паклон за вашу службу. Вы прымаеце актыўны ўдзел у жыцці нашай краіны. Вы заўсёды на варце спакою нашых грамадзян. Мы ганарымся сёння бяспекай у нашай краіне. І гэта адзначаюць многія, хто прыязджае да нас. А за гэтым — ваша штодзённая праца ў імя ратавання нашых людзей тады, калі гэта запатрабуецца. А вы заўсёды побач».  

Адкрыццё новага будынка ГУУС Мінгарвыканкама міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ назваў гістарычным і ўрачыстым момантам для сталічнай міліцыі. «Будынак такога маштабу мы адчыняем упершыню за 30 гадоў, — удакладніў ён, кажучы аб сферы, якой кіруе. — Нялёгка давалася яго будаўніцтва. Хачу падзякаваць усім будаўнікам, усім, хто арганізоўваў гэту работу. Сапраўды, будынак атрымаўся на славу. Гэта не толькі камфортныя ўмовы для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Гэта ў першую чаргу зручнасць для нашых грамадзян: менавіта сюды, у сэрца мінскай міліцыі, трапляюць сігналы з усяго Мінска, сюды людзі звяртаюцца са сваёй бядой, праблемай. І як адрэагуе мінская міліцыя, наколькі своечасова прыбудуць нарады, ад гэтага часам залежыць чалавечае жыццё».

Кіраўнік ведамства выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на вялізную нагрузку, мінская міліцыя справіцца з пастаўленымі задачамі.

Па словах старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра КУХАРАВА, усе задачы, якія стаяць перад супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, выконваюцца з гонарам, годнасцю і вялікай адказнасцю. «У мінскай міліцыі — асаблівая постаць: тыя выклікі, якія кідае крымінальны свет сталіцы (яны заўсёды удасканаленыя, новыя), трэба паспяхова пераадольваць, — адзначыў ён. — Вы робіце вялізную работу: сёння жыхары нашага горада могуць спакойна сябе адчуваць у любы час сутак, знаходзіцца там, дзе яны хочуць, бо заўсёды ведаюць, што яны пад надзейнай абаронай». 

Уладзімір Кухараў заўважыў: для таго, каб даваць годны адпор выклікам крымінальнага свету, трэба стварыць умовы для супрацоўнікаў, што і робіцца. Старшыня Мінгарвыканкама выказаў удзячнасць вартавым правапарадку за тое, што забяспечваюць бяспеку горада, грамадзян, з гонарам і годнасцю нясуць высокае званне супрацоўніка беларускай міліцыі.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю