Top.Mail.Ru

У Мінску разгледзяць важныя аспекты мытнага супрацоўніцтва ў ЕАЭС

Важныя аспекты мытнага супрацоўніцтва стануць прадметам дыскусіі на ІV Еўразійскім эканамічным форуме, які пройдзе 26–27 чэрвеня ў Мінску.


Як паведамілі ў прэс-службе ЕЭК, у рамках ЕЭФ-2025 запланавана тры ключавыя мерапрыемствы па мытні: панэльная сесія аб навацыях у мытным рэгуляванні, круглыя сталы па лічбавай трансфармацыі мытных органаў і развіцці пунктаў пропуску як асновы для пашырэння транзітнага патэнцыялу аб’яднання.

Мадэратарам гэтых мерапрыемстваў выступіць міністр па мытным супрацоўніцтве ЕЭК Руслан Давыдаў. Да ўдзелу, дарэчы, запрошаны прадстаўнікі дзяржорганаў краін ЕАЭС, бізнесу і міжнародных арганізацый, эксперты ў галіне лічбавай эканомікі і спецыялісты ІT-кампаній.

— У мытнай сферы ў нас адзінае мытнае рэгуляванне. І тут вельмі важна, каб усе краіны крочылі ў нагу, і тыя інавацыі, якія ажыццяўляюцца ў адной краіне, як мага хутчэй укараняліся ў мытную справу, — адзначыў Руслан Давыдаў.

Паводле яго слоў, мытня сёння — адна з самых лічбавізаваных абласцей у сферы дзяржаўнага кіравання.

— Гэта датычыцца не толькі Расійскай Федэрацыі або Еўразійскага эканамічнага саюза і яго краін-удзельніц, ва ўсім свеце так. Знешні контур гэтай адзінай мытнай тэрыторыі павінен быць уладкаваны па ўніфікаваных або тыпавых патрабаваннях і павінен адміністравацца па іх жа.

На думку Руслана Давыдава, гэта тым больш актуальна, калі ідзе глабальнае пераразмеркаванне гандлёвых патокаў, глабальны разварот гандлю з Захаду на Усход і на Поўдзень, калі Еўразійскі саюз, будучы адной сёмай часткай сусветнай сушы, мае гіганцкі патэнцыял развіцця.

— Калі тавар прайшоў граніцу, ён трапляе на нашу адзіную мытную тэрыторыю. У нас няма мытных граніц паміж краінамі, таму сам уваход вельмі важны. Гэта пытанне таксама шчыльна звязана і з інавацыямі, і з лічбавізацыяй, — падкрэсліў профільны міністр ЕЭК.

Маргарыта ЗАРОЎКІНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю