Top.Mail.Ru

У Мінску развіталіся з беларускім палітычным і дзяржаўным дзеячам Вадзімам Паповым

Свой багаты вопыт ён перанёс на будаўніцтва незалежнай Беларусі


Развітанне з Вадзімам Паповым адбылося ў Цэнтральным доме афіцэраў. Сотні чалавек прыйшлі сюды, каб правесці ў апошні шлях выдатнага дзяржаўнага дзеяча. Сярод іх — кіраўніцтва і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў розных скліканняў, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны. Спачуванні родным і блізкім Вадзіма Аляксандравіча выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кветкі ад імя кіраўніка дзяржавы ўсклала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс.


Экс-спікер Палаты прадстаўнікоў, былы міністр сельскай гаспадаркі — ён належаў да таго самага нязломнага пакалення дзяржаўнікаў, для якіх адданасць роднай зямлі заўсёды была не проста словамі, а справай усяго жыцця. Да апошняга дня Вадзім Аляксандравіч заставаўся ў страі, дзелячыся каласальным вопытам.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання Уладзімір Канаплёў у размове з журналістамі адзначыў, што гэта быў чалавек, які ўвасабляе сабой цэлае пакаленне: «Ён пражыў доўгае, яркае, шчаслівае, сумленнае жыццё, аддаючы цалкам сябе для людзей і для краіны. Маючы багаты партыйны, дзяржаўны, гаспадарчы вопыт савецкага часу, ён перанёс яго і на будаўніцтва незалежнай і суверэннай Беларусі».


Уладзімір Канаплёў адзначыў, што яму пашчасціла працаваць з Вадзімам Паповым, больш блізка пазнаць яго як чалавека і кіраўніка, калі той узначальваў Палату прадстаўнікоў другога склікання: «Палата прадстаўнікоў другога склікання — гэта першая Палата, якая працавала на прафесійнай аснове, і тут спатрэбіліся вопыт, працавітасць, веданне справы Вадзіма Аляксандравіча. За той прамежак часу, калі ён быў кіраўніком, было прынята шмат асноватворных законаў, якія ўплывалі на ўсе сферы жыцця нашай краіны».

Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання Вадзім Іпатаў у размове з журналістамі заўважыў, што Вадзім Папоў — чалавек унікальнага лёсу, але ён і не мог быць іншым: «Часам такіх людзей называюць „дзеці вайны“. Сама абстаноўка, само жыццё з маленства дыктавала яму ўмовы — выжыць, запомніць тыя гады ліхалецця, стаць такім чалавекам, які беззапаветна любіць Радзіму, беларускі народ, і аддаваць сябе ўсяго без астатку».


Вадзім Папоў, адзначыў віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў, усім сваім жыццём паказаў прыклад, якім павінен быць чалавек, што стаў на шлях дзяржаўнага будаўніцтва. На ўсіх этапах свайго жыцця ён дэманстраваў прыклад адказных адносін да справы, патрабавальнасці да сваіх калег, але пры гэтым чуласці і спагадлівасці. Ён заўсёды гатовы быў прыйсці на дапамогу людзям, вырашаючы іх чалавечыя і службовыя пытанні.

«Будучы на чале Палаты прадстаўнікоў, ён унёс неацэнны ўклад у фарміраванне прававой сістэмы нашай дзяржавы, — сказаў Вадзім Іпатаў. — У той час ішло прыняцце законаў, па якіх мы сёння жывём у тым ліку». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю