У цырымоніі ўшанавання на чале з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым прынялі ўдзел намеснікі кіраўніка ведамства, начальнікі дэпартаментаў, падраздзяленняў цэнтральнага апарата, ГУУС Мінгарвыканкама і абласных УУС, ветэраны органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС, члены сем’яў загінулых супрацоўнікаў.
Пацвярджаючы пераемнасць пакаленняў праваахоўнікаў, побач са старэйшымі таварышамі былі курсанты Акадэміі, навучэнцы Спецыялізаванага ліцэя МУС, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.
Прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да манумента, ушанавалі памяць герояў хвілінай маўчання. У завяршэнне ваеннаслужачыя роты ганаровай варты вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС прайшлі ўрачыстым маршам па набярэжнай Свіслачы.
Як адзначыў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, усе святочныя мерапрыемствы ў Дзень міліцыі пачынаюцца з гэтага святога месца для кожнага супрацоўніка. «Менавіта тут, каля помніка загінулым пры выкананні службовага абавязку, уручаем першае пасведчанне маладым супрацоўнікам, — падкрэсліў ён. — Паказваем, што супрацоўнік органаў унутраных спраў, супрацоўнік падраздзяленняў унутраных войскаў павінен быць гатовы да самаахвяравання».

Іван Кубракоў звярнуў увагу на тое, што дочкі і сыны супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, часта ідуць па іх шляху і выбіраюць службу ў міліцыі. «Гэта дарагога варта, што наша моладзь гатова абараняць сваю Радзіму», — перакананы кіраўнік міліцэйскага ведамства.
У 2027 годзе беларускай міліцыі споўніцца 110 гадоў. «Сёння ў Палацы Рэспублікі дадзім старт ідэалагічнаму марафону „110 гадоў у адзіным страі!“ — анансаваў міністр унутраных спраў. — Гэта мерапрыемства пройдзе па ўсёй краіне. На працягу года праедзем не толькі па абласных цэнтрах, заедзем і ў невялікія гарадкі. Там будуць праведзены ідэалагічныя і спартыўныя мерапрыемствы. Усе яны будуць накіраваны на забеспячэнне бяспекі нашых грамадзян. Абавязкова наведаем месцы пахавання нашых супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку».

Ідэалагічны марафон «110 гадоў у адзіным страі!» таксама прадугледжвае наведванне супрацоўнікамі органаў унутраных спраў знакавых месцаў Беларусі. «Акрамя таго, падчас марафону пачнём здымку шматсерыйнага мастацкага фільма, прысвечанага 110-годдзю беларускай міліцыі, — праінфармаваў Іван Кубракоў. — Ён будзе поўнасцю прысвечаны беларускім міліцыянерам, у тым ліку і міліцэйскім дынастыям, якія забяспечвалі парадак у нашай краіне, у тым ліку цаной уласнага жыцця. Гэта будзе менавіта фільм пра нашых міліцыянераў і пра нашых ветэранаў».
Каля Палаца Рэспублікі праходзіць акцыя МУС «За бяспеку — разам!», прымеркаваная да святкавання Дня міліцыі. Сёння да 19:00 усе ахвочыя могуць наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі і азнаёміцца з гісторыяй і сучаснымі дасягненнямі ведамства. Мінчан і гасцей сталіцы чакаюць выставы службовай сучаснай і рэтратэхнікі. А яшчэ праваахоўнікі дэманструюць, як выкарыстоўваюць модныя сродкі персанальнай мабільнасці — сегвеі і электраскутары. Для аматараў сэлфі арганізаваны фотазоны, у тым ліку са службовымі сабакамі.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС