Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўключэнню беларускага элемента «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна» ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае БелТА.
Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА 9 снежня падчас 20-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Нью-Дэлі.
«Наша агульная шматгадовая работа ўвянчалася поспехам. Гэты беларускі элемент стаў сёмым у спісе. Я віншую ўсіх нас з гэтай гістарычнай падзеяй», — сказаў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта.
Паводле яго слоў, гэта не проста фармальная працэдура, а сусветная ацэнка выключнай каштоўнасці жывой спадчыны беларускага народа, прызнанне майстэрства, духоўнай глыбіні і творчай сілы многіх пакаленняў жыхароў Веткаўскага раёна, якія на працягу стагоддзяў беражліва захоўвалі і перадавалі гэтыя ўнікальныя тэхнікі.
«Мы асабліва востра ўсведамляем, што менавіта такія традыцыі, як неглюбскае ткацтва, якія нясуць у сваіх арнаментах зашыфраваныя пажаданні дабра, міру, любові і дабрабыту, з’яўляюцца самымі трывалымі асновамі міру і культурнай самаідэнтыфікацыі. Я абсалютна перакананы, што такія традыцыі і вырабы — гэта частка нашага культурнага кода і суверэнітэту», — дадаў намеснік міністра.
Ігар Сякрэта таксама заўважыў, што нават у сферы культуры часам робяцца спробы правесці штучныя раздзяляльныя лініі, але насуперак гэтым тэндэнцыям дадзеная падзея стала яркім доказам таго, што культурная спадчына належыць усяму чалавецтву. «Спадчына — гэта не прадмет спрэчак, а ключ да ўзаемаразумення. Наш поспех паказаў, што толькі праз павагу да суверэннага культурнага выбару кожнай нацыі можна захоўваць бясцэнны здабытак мінулага і будучых пакаленняў», — падкрэсліў ён.
- На думку міністра культуры Руслана Чарнецкага, актыўны набор вучняў майстрамі неглюбскай традыцыі дасць штуршок і дапаможа яе дынамічнаму развіццю. «У першую чаргу хацелася б падзякаваць нашым майстрам, якія за амаль чатырыста гадоў развілі гэтую традыцыю да такой неверагоднай прыгажосці, да такой унікальнасці і сапраўды таго культурнага кода, які зашыфраваны ў гэтых ручніках. Нізкі вам паклон за самаадданасць, за тое, што вы настолькі любіце сваю справу, культуру, народ, зямлю», — заўважыў Руслан Чарнецкі.
Ён таксама падзякаваў калегам з Міністэрства замежных спраў і кіраўніку знешнепалітычнага ведамства Максіму Рыжанкову за зладжаную міжведамасную работу, падкрэсліўшы, што сумесная дзейнасць дазваляе папаўняць наш каляндар такімі святамі, якія заяўляюць усяму свету аб тым, што ў нас ёсць унікальныя творы мастацтва.
«Я прыйшла ў гэтую справу, калі выйшла замуж. Сама я не з Неглюбкі, але мяне прыцягвалі іх ручнікі. У 1982 годзе я стала працаваць ткачыхай філіяла Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, а калі яго закрылі, перайшла працаваць у клуб, пазней рэарганізаваны ў сельскі цэнтр ткацтва. Сёння гэтай справай займаецца і мая дачка», — расказала майстар Неглюбскага цэнтра ткацтва Веткаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Людміла Кавалёва.
Па яе словах, сёння ў цэнтры працуюць тры майстры. «Мы можам ткаць у пяці тэхніках, ствараць ручнікі, абрусы, пакрывалы, фіранкі і іншыя вырабы», — патлумачыла Людміла Кавалёва.
Яна ўпэўненая, што такая высокая ацэнка працы неглюбскіх жанчын дазволіць ім працягваць упэўненую работу і перадаваць назапашаныя веды будучым майстрам.