Top.Mail.Ru

У Мінску ўшаноўвалі сем’і з усіх абласцей краіны і сталіцы

Сем старонак рэспубліканскага сямейнага альбома 


Спакон веку ў Беларусі асаблівая ўвага надавалася сям’і, мацярынству і шматдзетнасці. Нашы продкі ведалі: чым больш дзяцей у доме, тым мацнейшы род, народ і багацейшая зямля. Сям’я ў нашай краіне — гэта сімвал любові, працавітасці, узаемадапамогі і павагі да старэйшых. Сімвалічна, што менавіта ў Тыдзень бацькоўскай любові ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўшаноўвалі сем’і з розных куткоў нашай краіны. Ініцыятарам урачыстасці «Прафесія «Шматдзетная мама» выступіла Палата прадстаўнікоў.


Сям’я — аснова беларускай дзяржавы

Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, за гісторыяй кожнай з сем’яў крыецца штодзённая сур’ёзная работа.


— У нас у дзяржаве, і вы, напэўна, на сваім прыкладзе гэта адчуваеце, удзяляецца павышаная ўвага тэме дзяцінства, мацярынства, шматдзетным сем’ям, — звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства спікер Палаты прадстаўнікоў. — І дэпутацкі корпус таксама ўдзяляе павышаную ўвагу тэме дзяцінства і мацярынства. У цяперашні час разглядаюцца навацыі, карэкціроўкі ў Кодэкс аб сям’і і шлюбе. 

Сям’я, паводле яго слоў, — не толькі ячэйка грамадства, але і аснова беларускай дзяржавы. 

— У вашых сем’ях растуць сапраўдныя людзі, патрыёты нашай краіны, якія скіраваныя ў будучыню. Вы прадстаўляеце розныя прафесіі: з’яўляецеся творчымі людзьмі, працаўнікамі вёскі, ваеннаслужачымі. Гэта сведчыць аб тым, што у нас у грамадстве ў кожнага ёсць магчымасць развівацца і знаходзіць сваё месца ў жыцці.

Старшыня Беларускага саюза жанчын, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ назвала ўрачыстае мерапрыемства святам душы. 

— Нізкі паклон кожнай сям’і, — звярнулася яна да дынастый. — Мамы, якія ўсё паспяваюць, — цудоўныя жанчыны. А нашы мужчыны настолькі смелыя, што нават могуць аб’явіць Год беларускай жанчыны.

Вольга Шпілеўская выступіла з ініцыятывай заснаваць у Беларусі ордэн Бацькі. 

— Мы жывём у краіне з традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасцямі, дзе жанчыны падтрымліваюць мужчын, а мужчыны — жанчын. Без гэтага ніяк!


Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, адзначыла, што наша краіна — тэрыторыя шчаслівых сем’яў, міру, дабра і стваральнай працы. 

— Якая ж стваральная праца, калі ў сем’ях не будзе дзяцей? — задала рытарычнае пытанне Юлія Берднікава. — Шматдзетныя сем’і — гэта сапраўды залог поспеху нашай дзяржавы. А калі гэта шматдзетнасць яшчэ перадаецца з пакалення ў пакаленне — яркія жамчужыны нашай краіны, на якія трэба раўняцца, з якіх трэба браць прыклад. Як кажуць, дзіцячы смех — залог шчасця. Жадаю, каб гэта каханне, шчасце, нараджэнне дзяцей прымнажалася ў кожнай сям’і нашых родных беларусаў.

Жыццё — у дзецях

Сямейная дынастыя Тарасевічы — Громы — Уроднічы прыехала на ўрачыстае мерапрыемства са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Нам удалося пагутарыць з родапачынальнікамі вялікай сям’і — у Марыі Васільеўны і Сяргея Якаўлевіча 14 дзяцей, 63 унукі і 64 праўнукі!

— Вельмі ўдзячная Богу, ён да нас ставіцца вельмі добра, — з хваляваннем сказала жанчына. — І маім дзецям — яны вельмі добрыя. Абслугоўваюць нас. Мы ўжо старэнькія. Прыйдуць, памыюць, паесці прынясуць. 

Па словах шчаслівай мамы, бабулі і прабабулі, у іх доме ціха не бывае ніколі — і гэта вялікае шчасце.

— То зяць прыйдзе, то сын, то дачка, — з усмешкай адзначыла Марыя Васільеўна. — Унукі і праўнукі паўсюль бегаюць. 


Члены гэтай вялікай сям’і збірацца разам вельмі любяць.

— Нас поўная хата на днях нараджэння, — сказала жанчына. — Святы ў нас заўсёды адзначаюцца. Хто сядзе на крэсле, хто — на канапе. 

Нашы суразмоўцы — не проста родапачынальнікі сям’і, а сапраўдны прыклад. Марыя Васільеўна ўдастоена ордэна «Маці-гераіня», а тры яе дачкі, тры нявесткі і дзве ўнучкі — ордэна Маці. 

— Што цяпер баяцца заводзіць вялікія сем’і? — спытала яна са шчырым здзіўленнем. — Прэзідэнт дапамагае! Ды і наша жыццё — у дзецях.


Даслоўна

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый МАЛАШКА ў размове з журналістамі падкрэсліў, што ўнікальнасць беларускай шматдзетнасці заключаецца ў яе традыцыйнасці.

— Таму што шматдзетнасць — гэта шчыт у эпоху дэмаграфічнага крызісу, які закрануў не толькі Рэспубліку Беларусь, але і многія краіны свету. А наша краіна робіць усё для таго, каб нас, беларусаў, было ўсё ж такі больш, — сказаў парламентарый. — У першую чаргу, вядома, гэта дапамога — 4,1 мільярда рублёў з рэспубліканскага бюджэту сёлета прадугледжана выдзеліць на падтрымку сем’яў. Вельмі важна, што шэраг унікальных рэчаў, у тым ліку і сямейны капітал атрымліваюць нашы шматдзетныя сем’і. І мы, дэпутаты, урад актыўна ўдзельнічаем у тым, каб развіваць формы выкарыстання сямейнага капіталу. Трэба сказаць, што беларусы адгукнуліся, і за апошнія шэсць гадоў шматдзетных сем’яў стала значна больш. Гэта значыць, мы з вамі на правільным шляху.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю