Top.Mail.Ru

У Мінску ўшанавалі лепшых прадпрымальнікаў краіны

У сталіцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года». Мерапрыемства стала завяршэннем Беларускага тыдня прадпрымальніцтва.

Конкурс праводзіцца з 2016 года і працягвае традыцыі конкурсу «Лепшы прадпрымальнік», які стартаваў у канцы 1997-га. Яго галоўная задача — развіваць прадпрымальніцкую ініцыятыву і стымуляваць дзелавую актыўнасць насельніцтва.

— За час свайго існавання конкурс стаў пляцоўкай, дзе мы маем магчымасць адзначыць самых яркіх і таленавітых прадпрымальнікаў айчыннага бізнесу, якія не толькі паспяхова развіваюць уласную справу, але і сталі лепшымі ў сваёй галіне: будаўніцтве, вытворчасці, турызме і сферы іншых паслуг, — гаворыцца ў прывітальным адрасе, які накіраваў Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН удзельнікам мерапрыемства. — За мінулыя дзесяцігоддзі прыватны бізнес стаў неад’емнай часткай нацыянальнай эканомікі і надзейным партнёрам дзяржавы, які фарміруе палову валавой дабаўленай вартасці краіны, больш за трэць аб’ёму прамысловай вытворчасці і больш за дзве трэці аб’ёму экспарту тавараў і паслуг. 



Узнагароды ўручылі па пяці намінацыях: «Паспяховы старт», «Стабільны поспех», «Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці», «Эфектыўны бізнес у сферы паслуг» і «Эфектыўны індывідуальны бізнес». Па выніках ацэнкі дзейнасці ўдзельнікаў аргкамітэтамі, створанымі ў абласцях і Мінску, па іх было вызначана больш за 30 пераможцаў.

Як адзначыў міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР, цікавасць да конкурсу штогод расце. У гэтым годзе было пададзена 483 заяўкі, што ў 1,6 раза больш у параўнанні з мінулым годам. 

Паводле слоў Юрыя Чабатара, гэта найважнейшае мерапрыемства, кульмінацыя гадавога марафону па вызначэнні лепшых сярод прадпрымальнікаў, бізнесменаў, кіраўнікоў і заснавальнікаў, а таксама калектываў тых арганізацый, якія сёння ствараюць дабрабыт нашай краіны: 

— Падводзячы папярэднія вынікі працы нашай эканомікі ў бягучай пяцігодцы, мы бачым, што напрамак падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку задачы па прыросце і фарміраванні каля трэці нашага валавога ўнутранага прадукту, з вялікім поспехам выконваюцца, — адзначыў міністр.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю