Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, дзяжурнымі сіламі па супрацьпаветранай абароне ўначы 29 ліпеня ў паветранай прасторы быў выяўлены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі — парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванага як БЛА. «У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ў 2.33 БЛА ўпаў у раёне дома № 72 па вул. Матусевіча г. Мінска», — расказалі ў абаронным ведамстве.
У Мінабароны адзначылі, што з улікам гэтага інцыдэнту аператыўна прымаюцца дадатковыя меры па ўзмацненні кантролю за выкарыстаннем паветранай прасторы. Па дадзеным факце праводзіцца праверка. Кіраўнік дзяржавы трымае сітуацыю на асабістым кантролі.
Па факце падзення БЛА ў Мінску Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа. «Папярэдне ўстаноўлена, што ноччу 29 ліпеня беспілотны лятальны апарат, які быў знойдзены Міністэрствам абароны і прыгнечаны сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, упаў без дэтанацыі, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей КАБАКОВІЧ. — Абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю. У выніку інцыдэнту пацярпелых няма, эвакуацыя жыхароў не праводзілася».
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчым з прыцягненнем спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і сапёраў праведзены агляд, зафіксавана следавая карціна. Канфіскаваны фрагменты корпуса і крылаў БЛА, рухавік, прыборы навігацыі і баявая частка, начыненая тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў у выглядзе металічных шарыкаў. Следчым камітэтам ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ўстанаўліваюцца ўсе акалічнасці здарэння.
У інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб затрыманні асоб на месцы падзення беспілотніка. У ГУУС Мінгарвыканкама абверглі фэйк: «Абстаноўка ў Мінску застаецца спакойнай і кантраляванай. Супрацоўнікамі міліцыі праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для вызначэння асоб, якія распаўсюджваюць недакладную інфармацыю». Праваахоўнікі папярэджваюць, што за распаўсюджванне заведама лжывай інфармацыі прадугледжана крымінальная адказнасць.