Урачыстая цырымонія старту 15 сезона рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» прайшла 23 кастрычніка ў Мінску на базе Нацыянальнай акадэміі навук.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі маладыя вучоныя, прадстаўнікі буйнейшых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў, а таксама арганізатары праекта.
Паводле слоў першага сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ Уладзіміра Паўлоўскага, праект «100 ідэй для Беларусі» за гады існавання ўжо стаў брэндам Саюза моладзі.
— На працягу 14 сезонаў на праект было пададзена каля 20 тыс. заявак ад нашай моладзі, рэалізавана больш за 3,5 тыс. праектаў, якія сёння прыносяць карысць нашай дзяржаве. 15-ты сезон таксама абяцае быць плённым, актыўным, крэатыўным. Вядома, мы чакаем амбіцыйных заявак, праектаў, якія ў далейшым таксама будуць працаваць на ўмацаванне нашай краіны і рабіць яе больш інтэлектуальнай, — падзяліўся Уладзімір Паўлоўскі.
Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ упэўнены, што моладзі гэты праект дае магчымасць раскрыць свае таленты і патэнцыял. А для праектаў, якія ўжо прайшлі пэўны адбор на нацыянальным узроўні, — зарэкамендавацца і паказаць магчымасці на міжнароднай арэне.
— Не варта баяцца, калі ў моладзі ёсць ідэі, ёсць праект, нават думка — хай паспрабуюць свае сілы, — заключыў ён.
У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў заявіў, што конкурс «100 ідэй для Беларусі» даўно заняў сваё ганаровае месца ў нашай нацыянальнай інавацыйнай сістэме.
— Уласна, з гэтага пачынаюцца афіцыйныя крокі інаватараў, калі так можна сказаць, на самым нізавым праектным узроўні. Гэта база для інавацыйнага развіцця краіны. Дадзены праект БРСМ працуе паралельна з сістэмай, якая створана з утварэннем Дзіцячага тэхнапарка і яго філіялаў. Адпаведна, наступны этап — гэта тэхнапаркі і Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў, — адзначыў Сяргей Шлычкоў.
Таксама ён падкрэсліў, што дзяржавай створаны ўсе ўмовы для развіцця і рэалізацыі інавацыйных праектаў.
— Дзяржава ўвесь час сочыць за тым, што створана, і ўвесь час займаецца развіццём. На завяршальнай стадыі знаходзіцца стварэнне індустрыяльных паркаў. Гэта наступны этап адносна тэхнапаркаў, калі ўжо гаворка ідзе не аб малым індустрыяльным прадпрымальніцтве, а ўжо аб сярэднім і нават буйным. Такім чынам, магчымасці для развіцця з дапамогай дзяржавы створаны, — дадаў ён.
Падаць заяўку на ўдзел у праекце можна да 20 лістапада 2025 года. Патэнцыяльнымі ўдзельнікамі кокурсу могуць стаць маладыя людзі (калектыў аўтараў да 3 чалавек) ва ўзросце ад 14 да 31 года і маладыя вучоныя (устаноў вышэйшай адукацыі, арганізацый, падпарадкаваных НАН Беларусі, занятыя ў выкананні навуковых даследаванняў) да дасягнення імі наступнага ўзросту: доктар навук — да 40 гадоў, кандыдат навук, работнік без ступені, які атрымаў вышэйшую адукацыю, аспірант, магістрант — да 35 гадоў.
Новы сезон праекта «100 ідэй для Беларусі» плануецца рэалізаваць у чатыры туры: першы — інфармацыйны (да 20 лістапада 2025 года); другі — адборачны (адбор заявак, стартапы, якія навучаюць, раённыя і занальныя адборы (да 20 снежня 2025 года); трэці — прадугледжвае арганізацыю абласных, Мінскай гарадской выставак-прэзентацый, а таксама НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі Беларусі (да 31 студзеня 2026 года); чацвёрты — рэспубліканскі фінал (да 30 красавіка 2026 года).
Характэрна і тое, што ў 15-м сезоне выдзелены тры ўзроставыя групы ўдзельнікаў. Да таго ж экспертны савет будзе выбіраць па тры пераможцы ў кожнай з дзесяці заяўленых намінацый.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара