З інтэлектам — у лічбавую будучыню
Яе ўдзельнікамі сталі каля 100 студэнтаў, магістрантаў, маладых вучоных, а таксама спецыялісты з розных сфер — ад медыцыны да інжынерыі. Галоўная мэта мерапрыемства — выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, развіццё ў яе навыкаў сістэмнага аналізу і стратэгічнага прагназавання для вырашэння актуальных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая звярнула ўвагу, што маладзёжны аналітычны рух ужо заняў сваё ўпэўненае месца. «Нам вельмі важна меркаванне гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак, таму што яны аналізуюць тыя трэнды, якія актуальныя, цікавыя моладзі. Прыемна, што мы аб’ядноўваем моладзь на міжнародным узроўні. Упэўнена, што дзякуючы гэтаму работа будзе яшчэ больш эфектыўнай, мы ўбачым перадавыя ідэі», — адзначыла Кацярына Пятруцкая.
Летняя школа маладога аналітыка працягнецца да 24 жніўня. Яна арганізавана БІСД пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку.
«Летняя школа ў мінулым годзе была прысвечана прамысловасці, бізнесу, вытворчасці. На гэты раз мы паставілі дзецям задачу падумаць аб будучыні ва ўмовах развіцця штучнага інтэлекту. Мы падзялілі маладых аналітыкаў на чатыры каманды. Яны будуць разглядаць зададзеную тэматыку з пункту гледжання грамадзян, дзяржавы, бізнесу, вытворчасці», — расказаў дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў.
Ён таксама дадаў, што ў сучасных рэаліях трансфармуецца роля аналітыка. У яго з’яўляецца шмат лічбавых інструментаў-памочнікаў. Таму будучыня за невялікімі калектывамі ці нават асобнымі яркімі асобамі, якія змогуць рабіць значныя даследчыя праекты. Але, нягледзячы на развіццё тэхналогій, штучны інтэлект, на думку Алега Макарава, яшчэ доўга не зможа замяніць чалавека.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ