Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС Мінска затрымалі студэнта, які ўзламаў гульнявы аўтамат «Сіламетр» і выкраў грошы. Пра гэта паведаміла ГУУС Мінгарвыканкама.
Паводле інфармацыі аператыўнікаў, у міліцыю паступіла паведамленне аб пашкоджанні і выкраданні наяўных грошай з гульнявога аўтамата, які знаходзіцца па праспекце Пераможцаў у Мінску. Высветлілася, што 17-гадовы студэнт — жыхар Віцебскай вобласці — прыехаў у Мінск адпачыць. Позна ўвечары хлопец узламаў «Сіламетр», забраў з яго грошы і ўцёк.
Дзякуючы аператыўнай рабоце праваахоўнікаў маладога чалавека затрымалі. Яму трэба будзе пакрыць матэрыяльную шкоду. Па факце крадзяжу распачата крымінальная справа.