У Мінску сёлета за парты сядуць каля 18 тыс. першакласнікаў. Пра гэта падчас аператыўнай нарады Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта расказала старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна, перадае БелТА.
Усяго ў новым навучальным годзе ў сталіцы будуць вучыцца 217 тыс. дзяцей. «Мы чакаем каля 18 тыс. першакласнікаў, якія ўпершыню пераступяць парог нашых навучальных устаноў», — праінфармавала Марына Ільіна.
Старшыня адзначыла, што 1 верасня, у Дзень ведаў, для ўсіх сталічных школьнікаў будзе падрыхтавана насычаная праграма. «Першыя ўрокі з 8.00 да 9.00 для навучэнцаў 2-10-х класаў пройдуць ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. У 10.00 запланаваны ўрачыстыя лінейкі. Гэта свята Першага званка, на якое будуць запрошаны навучэнцы 1-х, 10-х і 11-х класаў. Таксама будуць задзейнічаны ўсе самыя знакавыя пляцоўкі сталіцы. У 12.00 пройдуць гасцявыя ўрокі. Другую палову дня мы адзначым вялікім святам акцябрат у трох нашых парках: парку Перамогі, дзіцячым парку імя М. Горкага і парку імя Чалюскінцаў. Мы прымем каля 1 тыс. навучэнцаў 2-х класаў у акцябраты. Гэтае мерапрыемства праводзім сумесна з Беларускай піянерскай арганізацыяй», — адзначыла Марына Ільіна.
Яна таксама нагадала бацькам, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска абавязковы дзелавы стыль адзення. «У многіх установах ёсць свой індывідуальны стыль — напрыклад, асобныя элементы адзення, гальштукі або жакеты пэўнага фасону», — расказала старшыня.
Прадстаўнік Мінгарвыканкама падкрэсліла, што шматдзетныя сем’і могуць разлічваць на аднаразовую матэрыяльную дапамогу. «Выплаты да пачатку навучальнага года мы пачалі ажыццяўляць з 3 жніўня. Сума складае 159,11 рубля на адно дзіця. Мы ўпэўненыя, што гэтыя грошы дапамогуць сабраць нашых навучэнцаў да навучальнага года», — падсумавала яна.