Top.Mail.Ru

У Мінску таленавітай моладзі і педагогам уручылі пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта

Урачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў адбылася сёння ў Мінскай гарадской ратушы. Пачэсныя ўзнагароды атрымалі 46 юнакоў і дзяўчат і 5 педагогаў. Карэспандэнт «Звязды» далучылася да мерапрыемства.



Сярод узнагароджаных маладых людзей — пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, даследчых канферэнцый, творчых конкурсаў. Гэта школьнікі і студэнты, якія вызначыліся ў такіх маштабных спаборніцтвах, як заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, XXXV Рэспубліканскі конкурс навуковых работ (праектаў), алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць», Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў, конкурс тэхнічнай творчасці TechSkills і іншыя. 

Педагогі ў сваю чаргу былі ўзнагароджаны за ўнёсак у развіццё здольнасцяў адоранай моладзі.

Старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Румо звярнуўся да прысутных з віншавальным словам: «Вядома, гэта самыя лепшыя, самыя таленавітыя, самыя разумныя маладыя людзі нашага горада. Сёння мы адзначаем тых, хто на працягу 2024-2025 гадоў вытрымаў самыя складаныя іспыты — ад школьных алімпіяд да рэспубліканскага ўзроўню. Гэтыя праекты зараджаліся ў сэрцах даўно, і менавіта сёлета яны разам са сваімі педагогамі змаглі рэалізаваць мару».

Паводле слоў спікера, у кожнага з прысутных свой шлях, свая гісторыя дасягненняў. Алег Румо таксама звярнуў увагу, што многія лаўрэаты сталі пераможцамі не толькі рэспубліканскіх, але і міжнародных спаборніцтваў. «Хтосьці быў у Бразіліі, хтосьці ў Інданэзіі, хтосьці ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. І яны спаборнічалі з дзецьмі з Расійскай Федэрацыі, краін Заходняй Еўропы, ЗША, Азіі. Нашы хлопцы і дзяўчаты ўвайшлі ў лік пераможцаў міжнародных конкурсаў і прадставілі праекты будучыні, якія выклікалі цікавасць за межамі Рэспублікі Беларусь». Практычна ва ўсіх галінах, лічыць акадэмік, ёсць таленавітая моладзь, якая з’яўляецца канкурэнтаздольнай на сусветным рынку. «Для гэтага і існуе падобны фонд, праводзілася і праводзіцца велізарная работа, якая дазволіла маладым людзям рэалізавацца ў роднай краіне», — працягнуў спікер.

Асобныя словы падзякі Алег Румо выказаў і педагогам, тым, хто дапамог юным талентам паверыць у сябе і раскрыць свой патэнцыял: «Менавіта дзякуючы іх падтрымцы і прафесіяналізму моладзь Беларусі ўпэўнена заяўляе пра сябе не толькі на нацыянальнай, але і на сусветнай арэне».

Першакурснік біялагічнага факультэта БДУ Арцемій Панцюхоў двойчы станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па хіміі і сёння ў ліку тых, хто атрымаў пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў: «Пачуцці вельмі своеасаблівыя, цікавыя. Узнагарода з’яўляецца значнай для мяне падзеяй, не кожны атрымлівае яе. Мара стала рэальнасцю», — адзначыў хлопец.

Ён шчыра падзяліўся сваімі планамі на будучыню: «Я б хацеў стаць вядучым генетыкам краіны і вывучаць формы генетычных захворванняў і спосабы іх лячэння». Паводле слоў юнака, прафесія патрабуе велізарнай уседлівасці, глыбокіх ведаў у хіміі, біялогіі і анатоміі. 

Вучаніца 10-га класа гімназіі № 41 Стэфанія Шутурмінская таксама з’яўляецца лаўрэатам спецфонду. Школьніца расказала, што заўсёды вучылася добра, а ў 7-ым класе пачала ўдзельнічаць у алімпіядах па матэматыцы — і поспех не прымусіў чакаць: «Люблю рашаць задачы, люблю, калі іх рашэнні „прыгожыя“. Можна выконваць заданне нейкімі знаёмымі тэхнікамі, а можна пастарацца прымяніць новую ідэю, рэдкі спосаб. Па сутнасці, прапанаваць аўтарскае унікальнае рашэнне».

У гэтым навучальным годзе Стэфанія ўдзельнічала ў Рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў. Яна была адзінай дзяўчынай у камандзе. Усе разам школьнікі паказалі выдатны вынік — заваявалі дыплом I ступені. На гэтым яна спыняцца не плануе: зусім хутка возьме ўдзел у Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе, якая пройдзе ў ліпені ў Аўстраліі. Упэўнены, усё атрымаецца!

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Мінскага гарвыканкама


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю