Заключны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па кулявой стральбе «Меткі стралок» пройдзе 24 кастрычніка ў Мінску. Іх арганізатары — Міністэрства адукацыі і ДТСААФ.
Спаборніцтвы разлічаны на школьнікаў 9–11-х класаў і праводзяцца ў чатыры этапы, паведаміла метадыст Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Людміла ДРОНАВА:
— Мы бачым каласальны рост цікавасці да кулявой стральбы і выдатную працу нашай спартыўнай інфраструктуры. Першы, унутрышкольны, этап быў самым масавым, ахапіў больш за 33 тысячы навучэнцаў. Другі, гарадскі і раённы, налічваў больш за 6 тысяч удзельнікаў, якія сфарміравалі 1489 каманд. На трэці, абласны, этап прайшлі 516 юнакоў і дзяўчат у складзе 129 каманд. У чацвёртым этапе возьмуць удзел 28 юнакоў і дзяўчат.
Як расказаў галоўны трэнер нацыянальных каманд па тэхнічных і авіяцыйных відах спорту ДТСААФ Дзмітрый КАЛМЫКОЎ, адраджэнне руху «Меткі стралок» пачалося з ініцыятывы зрабіць кулявую стральбу больш масавай. У лютым 2026 года Міністэрства адукацыі і ДТСААФ абвясцілі аб аднаўленні гэтага руху і старце рэспубліканскіх спаборніцтваў.
— Рух «Меткі стралок» дазволіў ахапіць кожны раён краіны і актывізаваць спартыўную грамадскасць, — адзначыў галоўны трэнер. — Спаборніцтвы маюць не толькі спартыўнае, але і выхаваўчае значэнне. Яны накіраваны на папулярызацыю стралковага спорту, арганізацыю вольнага часу школьнікаў, далучэнне моладзі да фізічнай культуры і спорту, а таксама фарміраванне дысцыпліны, псіхалагічнай устойлівасці і навыкаў бяспечнага абыходжання са зброяй. Галоўная мэта — выхаванне ў моладзі якасцяў, неабходных для будучых абаронцаў Айчыны.
Па словах Дзмітрыя Калмыкова, удзельнічаць у спаборніцтвах могуць падлеткі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, якія не навучаюцца ў сярэдніх спецыяльных спартыўных установах. Такі падыход дазваляе прыцягнуць да спаборніцтваў шырокае кола школьнікаў. Спаборніцтвы маюць асабіста-камандны характар: вынікі падводзяцца асобна сярод юнакоў і дзяўчат, а таксама ў камандным заліку.
І зноў жа, каб спаборніцтвы былі масавыя і без абмежаванняў па спартыўнай зброі, для стральбы выбралі самую распаўсюджаную пнеўматычную вінтоўку МР-512, якая дае магчымасць праводзіць практыкаванне ВП-2 — 20 выстралаў з адлегласці 10 метраў. Удзельнікі выконваюць гэта практыкаванне стоячы без упору і атрымліваюць шэсць пробных і 20 заліковых выстралаў па мішэні № 8. Пераможцаў вызначаць па колькасці набраных балаў. Судзейства будзе ажыццяўляць калегія, утвораная з работнікаў розных структур ДТСААФ з адпаведнымі катэгорыямі і паўнамоцтвамі.
— Так, ёсць больш сучасная спартыўная зброя з мноствам дакладных налад пад індывідуальныя асаблівасці кожнага стралка. Гэта зброя маецца і ва ўстановах адукацыі, і ў структурах ДТСААФ. Але мы наўмысна пры выбары зброі пайшлі па шляху не тэхналагічнасці, а масавасці, — падкрэсліў дырэктар УП «Рэспубліканскі стралкова-спартыўны клуб» ДТСААФ Юрый МАЦЮКЕВІЧ.
Акрамя таго, ён акцэнтаваў увагу на тым, што падчас падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў юных спартсменаў знаёмяць з гісторыяй ДТСААФ і развіццём стралковага руху — ад «Варашылаўскага стралка» да сучаснага праекта «Меткі стралок»:
— Мы ў працэсе спаборніцтваў, падчас падрыхтоўкі і тэхналагічных паўз расказваем юным удзельнікам пра гісторыю стварэння і развіцця ДТСААФ, пра мэты і задачы арганізацыі, яе рэсурсы і дасягненні. Такім чынам, «Меткі стралок» спалучае спартыўнае спаборніцтва з патрыятычным выхаваннем, папулярызацыяй здаровага ладу жыцця і развіццём цікавасці школьнікаў да стралковага спорту.
У асабістым заліку навучэнцы, якія занялі першыя месцы, будуць узнагароджаныя медалямі, дыпломамі і прызамі, а каманды, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы ў камандным заліку, — кубкамі і дыпломамі. Акрамя таго, усіх членаў каманды-пераможцы, каманд-прызёраў, а таксама пераможцаў у асабістым заліку ўзнагародзяць значком «Меткі стралок», які, дарэчы, быў афіцыйна зацверджаны яшчэ прэзідыумам ЦК ДТСААФ СССР 8 чэрвеня 1973 года, нагадаў Дзмітрый Калмыкоў:
— Ён ствараўся як базавая ступень для падлеткаў 13-15 гадоў, якія навучаліся ў секцыях, пры школах, першасных арганізацыях ДТСААФ. Падлеткам пры гэтым не толькі трэба было паказаць рэзультат у стральбе з малакалібернай або пнеўматычнай вінтоўкі, але і здаць тэарэтычны залік па ўстройстве зброі, тэхніцы бяспекі і гісторыі Узброеных Сіл СССР.
Фінальныя спаборніцтвы пройдуць у стралковым ціры Рэспубліканскага стралкова-спартыўнага клуба ДТСААФ, які знаходзіцца ў мінскім Парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ