У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах гэтымі днямі праходзіць V Сусветны паліцэйскі саміт, у якім прымае ўдзел дэлегацыя МУС Беларусі на чале з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым.
На мерапрыемства прыбылі прадстаўнікі праваахоўных ведамстваў з больш як 110 краін, сярод іх — кіраўнікі сілавых структур, профільных міжнародных і рэгіянальных арганізацый. На парадку дня — абмеркаванне актуальных пытанняў сумеснай работы і пашырэння партнёрства ў сферы барацьбы са злачыннасцю.
Пасля завяршэння двухбаковых сустрэч члены дэлегацыі азнаёміліся з тэматычнай выставай інавацый у праваахоўнай сферы. На пляцоўцы вядучыя кампаніі-распрацоўшчыкі прадставілі найноўшыя дасягненні ў галіне сістэм відэаназірання, дата-аналітыкі, беспілотных лятальных апаратаў і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Як паведамляе афіцыйны тэлеграм-кангал МУС, кіраўніка беларускага міліцэйскага ведамства Івана Кубракова зацікавіла перадавая распрацоўка вытворчасці ААЭ — дрон-бокс.
Drone Box — гэта аўтаномная сістэма беспілотнікаў паліцыі Дубая, размешчаная ў спецыяльных стацыянарных док-станцыях (боксах) па ўсім горадзе для імгненнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Сістэма дазваляе запускаць дроны да месца здарэння без удзелу чалавека за лічаныя хвіліны да прыбыцця наземных патрулёў і перадаваць відэа ў рэальным часе для ацэнкі маштабаў здарэння.
Яго можна прымяняць у мэтах забеспячэння грамадскай і дарожнай бяспекі, папярэджання несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, пры пошуку і затрыманні злачынцаў.
Як паведамляецца, Іванам Кубраковым прынята рашэнне запусціць тэставую эксплуатацыю навінкі ў Мінску.