Top.Mail.Ru

У Мінску затрыманыя кур’еры, якія падманулі пенсіянераў на Br410 тыс.

Завадскім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да двух кур’ераў тэлефонных аферыстаў. Аб гэтым паведамілі ў групе па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па горадзе Мінску.



Паводле звестак следства, за некалькі дзён у чэрвені бягучага года ашуканцам удалося падмануць шэсць пенсіянераў Мінска. Усе яны паверылі ў аповед пра тое, што іх дзеці ці ўнукі сталі віноўнікамі ДТЗ, у якіх пацярпелі людзі. Ілжэсупрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта супакойвалі — за грашовую ўзнагароду пацярпелыя гатовы забраць заяву, але грошы патрэбны тэрмінова. 

Без роздуму пажылыя людзі збіралі свае назапашванні і пісалі пад дыктоўку заявы. Зламыснікі ўвесь час знаходзіліся на сувязі з мінчанамі, не давалі часу абдумаць сітуацыю і забаранялі прыязджаць да сваякоў або ў бальніцу да «пацярпелых». Толькі пасля перадачы грашовых сродкаў ахвяры ўсведамлялі, што іх падманулі. 

Аператыўна супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі і затрымалі кур’ераў. Імі аказаліся двое мужчын 21 і 22 гадоў. Менавіта яны забіралі назапашванні ў жыхароў Мінска, пасля чаго перадавалі адну частку памагатым для набыцця крыптаўлюты, а іншую пакідалі сабе ў якасці ўзнагароды. Агульная сума, атрыманая ад даверлівых пенсіянераў, склала больш як Br410 тыс.

На допыце абвінавачаныя адмовіліся ад дачы паказанняў. Аднак следчымі здабыты доказы, што яны ўсведамлялі сваю прыналежнасць да арганізаванай злачыннай групы ашуканцаў і дзейнічалі па ўказанні іх кіраўнікоў.

Маладым людзям прад’яўлена абвінавачанне па ч.4 арт.209 (махлярства, учыненае арганізаванай групай у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі. З санкцыі пракурора да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. 

УСК па горадзе Мінску рэкамендуе азнаёміцца з простымі правіламі, якія дапамогуць не стаць ахвярай аферыстаў. «Захоўвайце спакой: галоўнае — не панікаваць. Ашуканцы спецыяльна ствараюць атмасферу тэрміновасці і страху, каб вы не паспелі абдумаць сітуацыю. Правярайце інфармацыю: калі вам патэлефанавалі ад імя сваяка, які сцвярджае, што ён патрапіў у бяду, перапыніце гутарку і ператэлефануйце яму напроста. Не саромейцеся задаваць пытанні: калі вас нешта бянтэжыць у размове, перапытвайце і ўдакладняйце дэталі», — падкрэслілі ва УСК.

Нікому не паведамляйце асабістую інфармацыю, майце на ўвазе, што супрацоўнік «Белтэлекама», банка, органаў унутраных спраў або Следчага камітэта не запытвае асабістыя дадзеныя па тэлефоне, так дзейнічаюць ашуканцы.

Звярніцеся ў праваахоўныя органы: калі вы сталі ахвярай ашуканцаў або атрымалі падазроны званок, неадкладна паведаміце аб гэтым у міліцыю. Ніколі не перадавайце свае грошы людзям, якіх вы не ведаеце, нават калі яны сцвярджаюць, што адбылася экстраная сітуацыя і вы можаце на яе паўплываць. Ва УСК таксама адзначылі, што неабходна папярэдзіць блізкіх: пагаварыць з пажылымі сваякамі аб такіх схемах, растлумачыць ім, як дзейнічаць у выпадку паступлення такога званка.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю