Top.Mail.Ru

У Мінску зацвердзілі новыя правілы карыстання пракатнымі сродкамі персанальнай мабільнасці

Ужо каторы раз «Звязда» ўздымае надзённую і неадназначную тэму — электрасамакаты... Колькасць здарэнняў з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці працягвае расці ў разы, у тым ліку са смяротнымі зыходамі. У сувязі з гэтым рашэннем Мінскага гарвыканкама былі прыняты пэўныя меры, якія, магчыма, паспрыяюць рэгуляванню сітуацыі. Але ці атрымаецца ўсё ж «утаймаваць» гэтых самакатчыкаў і з якімі абмежаваннямі яны вымушаны цяпер звыкнуцца, абмеркавалі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.


«Каб нашы грамадзяне маглі спакойна праходзіць па пешаходных вуліцах...»

У гэтым сезоне парк арэндных электрасамакатаў у Мінску будзе амаль удвая большы, чым два гады таму, расказала намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Вольга Ляошка: «З 2023 года мы рэалізоўваем пілотны праект. Было прынята рашэнне Мінгарвыканкама, якім вызначаны правілы карыстання сродкамі персанальнай мабільнасці на тэрыторыі Мінска. Мы пачыналі ў 2023 годзе рэалізоўваць гэты праект, калі парк самакатаў складаў каля 7-7,5 тысячы. У гэтым сезоне мы стартуем з 14,5 тысячы электрасамакатаў». Вольга Ляошка адзначыла, што пракат электрасамакатаў — гэта адзін з тых нешматлікіх бізнесаў, які не мае ценявога боку, таму што тут усё вельмі празрыста. Паводле яе слоў, карыстальнікі шэрынгавых сродкаў мабільнасці прывязваюць свае банкаўскія карты, такім чынам і ажыццяўляюць аплату.

Спецыяліст нагадала, што 19 сакавіка было праведзена выязное сумеснае пасяджэнне камісій Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў: «І сапраўды, дэпутаты як ніхто разумеюць гэту праблему. Для іх важна ўсё, што звязана з добраўпарадкаваннем, навядзеннем парадку ў горадзе. Тое, што мы зрабілі, і тое, што мы, спадзяюся, сёлета будзем рабіць, накіравана на бяспеку. 3 красавіка ў дзеючае рашэнне ўнесены змены. Напэўна, яны ўспрыняты аператарамі неадназначна, таму што сталі больш жорсткімі правілы карыстання сродкамі персанальнай мабільнасці. Але гэта было зроблена не проста так. Вельмі важна ўсё ж такі разумець, што культура кіравання залежыць ад саміх карыстальнікаў. Мы ўсе хочам, каб сталіца была прыкладам не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. У Расіі, напрыклад, ёсць гарады, дзе наогул забаранілі карыстанне электрасамакатамі, і нам не хацелася б, каб такое адбылося ў Мінску. 

Мы хочам, каб у нас быў парадак, каб нашы грамадзяне маглі спакойна праходзіць па пешаходных вуліцах і не баяцца, што могуць пацярпець. Акрамя таго, да нас прыязджае шмат гасцей з-за мяжы, практычна ўсе гуляюць у цэнтры горада, таму і былі прыняты пэўныя абмежаванні».

Абмежаванні хуткасці ў залежнасці ад кальца

Прымаючы пад увагу актуальнасць кікшэрынгавых сэрвісаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі сталіцы, а таксама павелічэнне колькасці ў вулічна-дарожнай сетцы горада арэндных СПМ, Мінскім гарвыканкамам прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у парадак ажыццяўлення дзейнасці кікшэрынгавых сэрвісаў. Сутнасць змяненняў патлумачыў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч: «Гэтым рашэннем прадугледжаны шэраг абмежаванняў, у тым ліку абмежаванне хуткасці руху арэндных сродкаў персанальнай мабільнасці, а таксама ўвядзенне забарон на здзяйсненне пэўных дзеянняў на асобных участках вулічна-дарожнай сеткі сталіцы. Уведзеныя забароны і абмежаванні закліканы знізіць колькасць ДТЗ з удзелам карыстальнікаў арэндных сродкаў мабільнасці і цяжар іх наступстваў, а таксама скараціць колькасць канфліктных сітуацый паміж уразлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Асноўнымі зменамі з’яўляецца павелічэнне колькасці зон абмежавання для руху. 

Такімі зонамі сталі ўсе ўстановы адукацыі, некаторыя ўчасткі вулічна-дарожнай сеткі, паркі, скверы, станцыі метрапалітэна і іншыя знакавыя як у культурным плане, так і пры правядзенні масавых мерапрыемстваў тэрыторыі. Абмежаванні па гэтых зонах былі ўведзены па ініцыятыве адміністрацый раёнаў».

Наступныя змяненні, найбольш спрэчныя, — абмежаванні хуткасці. «Раней яна ў нас рэгулявалася хуткаснымі рэжымамі 15 кіламетраў за гадзіну ў межах першага транспартнага гарадскога кальца, 20 кіламетраў за гадзіну ў межах другога транспартнага гарадскога кальца, і ўжо на астатняй тэрыторыі ў межах МКАД хуткасць складала да 25 кіламетраў за гадзіну. Камерцыйнымі арганізацыямі гэтыя хуткасныя рэжымы былі адпрацаваны ў аўтаматызаваным рэжыме шляхам налад праграм на самакатах. Новым рашэннем Мінгарвыканкама прадугледжваюцца змены хуткасных рэжымаў па ўсіх гэтых зонах — 15, 17 і 20 кіламетраў за гадзіну адпаведна», — паведаміў Дзяніс Лівановіч.

Акрамя таго, ён анансаваў павелічэнне колькасці тых участкаў, на якіх існуе абмежаванне па максімальнай хуткасці да 7 кіламетраў за гадзіну. Дарэчы, пасля заканчэння мінулага сезона такіх участкаў было 47. Гэта аварыйна небяспечныя скрыжаванні, на якіх ужо адбываліся інцыдэнты як на шэрынгавых, так і на асабістых сродках персанальнай мабільнасці. «У асноўным гэта буйныя праспекты, якія маюць вялікую колькасць велапераездаў, пешаходных пераходаў і дзе сумесна ажыццяўляецца перасячэнне на дазваляльны сігнал святлафора транспарту і сродкаў персанальнай мабільнасці. У новым рашэнні такіх участкаў стане 200. 

Гэта не толькі буйныя праспекты, але і ціхія спальныя мікрараёны буйных жылых масіваў Маскоўскага, Фрунзенскага, Цэнтральнага, Першамайскага раёнаў. Участкі былі абраны па выніках аналізу аварыйнасці за апошнія тры гады з улікам інтэнсіўнасці руху транспартных сродкаў, веласіпедыстаў і іншых удзельнікаў дарожнага руху, дзе існуюць перадумовы да здзяйснення ДТЗ з цялеснымі пашкоджаннямі для саміх жа пешаходаў», — акцэнтаваў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Таксама ён падкрэсліў, што ўсе гэтыя меры былі выпрацаваны выключна па выніках аналізу аварыйнасці, дынаміка якой менавіта з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці значная. «Ёсць прыклады ДТЗ з удзелам шэрынгавых сродкаў персанальнай мабільнасці, якія былі здзейснены па іх віне. Напэўна, самым яркім з’яўляецца ДТЗ на скрыжаванні праспекта Машэрава і Даўмана, калі пры праездзе пешаходнага перахода на забараняльны сігнал святлафора пешаход на сродку персанальнай мабільнасці ў выніку сутыкнення з транспартным сродкам памёр на месцы здарэння. Згодна з вынікамі расследавання, па матэрыялах справы вінаватым прызнаны той самы пешаход, які атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні».

Дзяніс Лівановіч анансаваў і іншыя змены ў правілы карыстання СПМ, якія могуць адбыцца ў найбліжэйшы час: «Карыстальнікі сродкаў персанальнай мабільнасці павінны будуць спешвацца на пешаходных пераходах».

Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю