Top.Mail.Ru

У Мінску завяршаюць мадэрнізацыю будынка планетарыя. Даведаліся, на якім этапе работы

Унікальны тэлескоп Carl Zeiss 1950/130, які пакідаў будынак абсерваторыі Мінскага планетарыя на час мадэрнізацыі аб'екта, зноў устаноўлены на верхняй пляцоўцы. Пра гэта sb.by паведамілі ў ДВА «Мінскбуд».

Адзначаецца, што цяпер назіраць за зоркамі будзе прасцей: з’явіўся новы купал з кручэннем на 360 градусаў са спецыяльнымі створкамі. Будаўнікі аднавілі канструктыў, у тым ліку вінтавую лесвіцу, зманціравалі новыя вітражы, замянілі сеткі, выканалі аздабленне і добраўпарадкаванне. Сваё 60-годдзе будынак 1967 года пабудовы сустрэне абноўленым.

Як адзначылі ў аб’яднанні, вобраз будынка максімальна захаваны — ад лускаватага даху да стылю напісання назвы «планетарый». Усяго для мантажу купала даху і адной са сцен будынка спатрэбілася 3700 «лускавінак» рознага памеру. Іх выраблялі проста на аб’екце.

Будаўнікі генпадраднага СУ-199 трэста № 35 завяршаюць мадэрнізацыю будынка планетарыя. Цяпер яны на этапе чыставога аздаблення: выкладзеная плітка, у кабінетах — ламінат, афарбаваныя сцены, часткова зманціраваныя «касмічныя» свяцільні, устаноўлены арыгінальныя дзверы. Нават выхады каналаў вентыляцыі тут нагадваюць сопла касмічнага карабля.

— Наперадзе — паступленне і мантаж абсталявання, — расказалі ў аб’яднанні. — Пасля падключэння цяпла можна будзе заняцца мэбліроўкай памяшканняў.

Звонку будынка неабходна завяршыць крыццё вентшахты купала, закатаць фінішны пласт даху, дамасціць плітку і ўстанавіць малыя архітэктурныя формы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю