Top.Mail.Ru

У Мінску ўзнагародзілі ліквідатараў буралому пасля ўрагану мінулага года

Урачыстае мерапрыемства, арганізатарамі якога выступаюць Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання і Міністэрства лясной гаспадаркі, адбылося ў Палацы Рэспублікі. Удзельнікі — каля 250 работнікаў галіны з усёй краіны.


Гэта людзі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў стыхіі, што пранеслася пераважна па Гомельшчыне, але пакінула сляды і ў іншых рэгіёнах. Вальшчыкі лесу, лесаводы, трактарысты, аператары лесанарыхтоўчай тэхнікі, машыністы тралёвачнай машыны і многія іншыя прадстаўнікі галіны — кожны з іх унёс свой уклад. Паваленыя дрэвы, канструкцыі, разбураныя дамы і ўчасткі — з наступствамі разгулу стыхіі ў першую чаргу дапамагалі справіцца работнікі лясных гаспадарак.

Прафсаюзы ў сваю чаргу таксама актыўна дапамагалі жыхарам пацярпелых населеных пунктаў, садзейнічалі службам і спецыялістам, прыцягнутым да ліквідацыі наступстваў стыхіі, выдзялялі матэрыяльную дапамогу ў выглядзе грашовых сродкаў, а таксама будаўнічых матэрыялаў, тэхнікі і неабходнага абсталявання арганізацыям і асобным грамадзянам. Прымалі актыўны ўдзел прафсаюзы і ў аднаўленні ляснога фонду. Дарэчы, неабходная работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана.

— Прафсаюзы ў гэты няпросты для галіны перыяд на ўсіх этапах падтрымлівалі работнікаў. І ў частцы стварэння ўмоў працы, і дадатковай падтрымкі праз калектыўныя дамовы. На сёння прынята рашэнне, што галіновы прафсаюз акажа дапамогу ў аздараўленні ўсіх удзельнікаў сённяшняга мерапрыемства, якія паклалі ўсе сілы на тое, каб аператыўна ліквідаваць наступствы непагадзі, працавалі суткамі, — расказаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі.

Трэба адзначыць, што сёлета прафсаюзы ўжо вызначылі аб’екты, на якіх ужо ў бліжэйшы час правядуць работы па аднаўленні ляснога фонду на найбольш пацярпелых тэрыторыях — Гомельшчыне і Магілёўшчыне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю