Нішто так не аб’ядноўвае людзей, як спорт. Пра любоў беларусаў да спорту і здаровага ладу жыцця шмат казаць не трэба — гэта агульнавядомы факт.
Але ж у спорце заўсёды ёсць чэмпіёны. Своеасаблівых чэмпіёнаў галіны днямі ўшанавалі ў Міністэрстве спорту і турызму. Святочнае мерапрыемства было прымеркавана да Дня работнікоў фізічнай культуры і спорту, які ў нашай краіне адзначаецца ў трэцюю суботу мая.
Галерэя спартыўных герояў
Ва ўрачыстай абстаноўцы ў профільным міністэрстве была адкрыта абноўленая Дошка гонару. Цэлы год на ёй будуць прадстаўлены партрэты герояў Алімпійскіх гульняў 2024 года — двухразовага (адзінага ў свеце) алімпійскага чэмпіёна па скачках на батуце Івана Літвіновіча, сярэбранага прызёра ў гэтым жа відзе спорту Віялеты Бардзілоўскай. Кампанію ім складуць сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Парыжы па веславанні акадэмічным Яўген Залаты і бронзавы прызёр Алімпіяды па цяжкай атлетыцы Яўген Ціханцоў. Таксама на Дошку гонару Міністэрства спорту і турызму занесена прызёр чэмпіянату свету па сінхронным плаванні Васіліна Хандошка.
Медалі — справа агульная
Поспехі спартсменаў былі б немагчымымі без працы спартыўных функцыянераў і арганізацый. Найлепшыя з іх таксама адзначаны на міністэрскай Дошцы гонару. Галоўнае ўпраўленне спорту і турызму Мінаблвыканкама — ужо трэці раз. І ёсць за што. Летась у складзе нацыянальных і зборных каманд спартсмены Міншчыны заваявалі 68 медалёў на міжнародных спаборніцтвах. Начальнік упраўлення Яўген Булойчык расказаў, што Мінская вобласць — першая з усіх рэгіёнаў постсавецкіх краін — мае ў кожным раённым цэнтры фізкультурна-аздараўленчыя комплексы. «Мінская вобласць трэці год запар занесена на Дошку гонару. Гэта не латарэя, гэта вынік зладжанай работы ўсіх галін, нашых калег з сістэмы адукацыі і аховы здароўя. І я хачу падзякаваць усёй спартыўнай грамадскасці Мінскай вобласці. Магу смела заявіць, што спартыўная
галіна — ужо візітная картка нашага рэгіёна», — адзначыў Яўген Булойчык. Дарэчы, на Дошцы гонару прадстаўлены і спартыўныя аб’екты з Мінскай вобласці — Плешчаніцкае вучылішча алімпійскага рэзерву і ФАЦ «Адзінства» Дзяржынскага раёна.
Як адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Новікаў, галоўная мэта спартыўнай галіны ў рэгіёне — падрыхтоўка рэзерву. Сёлета лідарамі ў дасягненні гэтай мэты былі прызнаны Магілёўская гарадская спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву і Касцюковіцкі ФАЦ «Фізкультура і здароўе». У Магілёўскай вобласці на Дошцы гонару — самае вялікае прадстаўніцтва. Адзначана таксама і Магілёўскае вучылішча алімпійскага рэзерву. З яго сцен выйшаў алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ 1992 года Аляк-
сандр Масяйкоў, а ў якасці дырэктара РЦАП па вяслярных відах спорту ён атрымаў пасведчанне аб занясенні на Дошку гонару сваёй установы.
На Дошцы гонару адзначаны таксама РЦАП па гімнастычных відах спорту, Брэсцкі абласны комплексны цэнтр алімпійскага рэзерву, інфармацыйна-турысцкі цэнтр «Мінск», «Чыжоўка-Арэна», ФК «Дынама-Брэст», Мінская Цэнтральная СДЮШАР прафсаюзаў «Спартак» і іншыя спартыўныя ўстановы.
«У нас велізарная колькасць спартыўных аб’ектаў, у галіне працуе 44 тысячы чалавек. Таму вельмі няпроста выбіраць найлепшых. Мы разумеем, што за кожным высокім вынікам, за кожным дасягненнем стаіць праца нашых людзей. І вельмі важна ім падзякаваць за яе. Асабліва тым, хто працуе ў рэгіёнах: ад іх напрамую залежаць спартыўныя дасягненні ўсёй краіны. Тым больш што ўзнагарод шмат не бывае», — звярнуў увагу першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч.
У кожнага ёсць магчымасць займацца спортам
Першы намеснік міністра заўважыў, што, нягледзячы на складанасці з допускам нашых спартсменаў на міжнародныя старты, галіна паказвае станоўчую дынаміку. «У кожнага беларуса ёсць магчымасць займацца фізічнай культурай і спортам: за мінулы год у краіне ўведзена 28 новых спартыўных аб’ектаў, адрамантавана больш чым 100 аб’ектаў. Усе яны адкрыты як для прафесіяналаў, так і для аматараў усіх узростаў. Мы не стаім на месцы, сочым за ўсімі трэндамі і ўтрымліваем нашу інфраструктуру ў належным стане для таго, каб можна было паўнавартасна трэніравацца. Дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу і накіроўвае немалыя сродкі для таго, каб нашы грамадзяне мелі магчымасць займацца фізічнай культурай і спортам. У мінулым годзе, паводле даных статыстыкі, 27,9 % насельніцтва былі ўцягнутыя ў пастаянныя заняткі фізічнай культурай і спортам. Мы працуем, каб і далей гэтая колькасць павялічвалася», — адзначыў ён.
Галоўнай жа задачай, па словах Аляксандра Дараховіча, застаецца спорт найвышэйшых дасягненняў, заваяванне медалёў для краіны. Цяпер усе думкі і памкненні аб зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года. Часу засталося вельмі мала. Пакуль да кваліфікацыі на галоўныя старты чатырохгоддзя дапушчаны 13 беларускіх спартсменаў па трох відах спорту: па шорт-трэку, па фігурным катанні, па канькабежным спорце. Такое рашэнне днямі прыняў Міжнародны саюз канькабежцаў. Міжнародны саюз біятланістаў і Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту пакуль даць адказ аб допуску беларускіх спартсменаў «не гатовыя». Але самі беларусы заўжды гатовы сумленна спаборнічаць і заваёўваць медалі для краіны. Яны гэта ўжо неаднойчы даказвалі.
Фота Міністэрства спорту і турызму