Top.Mail.Ru
145

У Мінтрансе далі рэкамендацыі пасажырам, як пры замове аўтамабіля-таксі «ад борта» не даць сябе падмануць

Пры замове паслуг таксі без выкарыстання інфармацыйных сістэм, мабільных дадаткаў, паслуг дыспетчара (так званыя паездкі «ад борта») ёсць выпадкі выканання перавозкі пасажыраў па неабгрунтавана завышаных тарыфах, распавялі ў профільным ведамстве. У сувязі з гэтым звярнулі ўвагу пасажыраў на наступную інфармацыю.



Дзяржавай рэгулююцца цэны (тарыфы) на сацыяльна значныя тавары (паслугі). Перавозкі пасажыраў аўтамабілямі-таксі да такіх паслуг не адносяцца. Тарыфы на перавозкі аўтамабілямі-таксі ўстанаўліваюцца суб’ектамі гаспадарання самастойна зыходзячы з кан’юнктуры рынку ва ўмовах свабоднай канкурэнцыі.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам спажывец мае права на інфармацыю пра паслугі. Па правілах аўтамабільных перавозак пасажыраў у салоне аўтамабіля-таксі на бачным для пасажыра месцы павінны быць размешчаны:

— візітная картка, якая змяшчае прозвішча і ініцыялы кіроўцы, а таксама яго фатаграфію;

— інфармацыя аб назве (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца), месцы знаходжання (месцы жыхарства) і кантактных тэлефонах перавозчыка;

— інфармацыйная таблічка з указаннем усіх выкарыстаных перавозчыкам тарыфаў: тарыф за 1 км (днём і ноччу), за межамі горада, кошт абаніравання, кошт пасадкі, прастою, замовы таксі па тэлефоне, іншыя тарыфныя ўмовы.

Па правілах аўтамабільных перавозак пасажыр таксі мае права пры афармленні заказу на паездку атрымліваць інфармацыю пра тарыфы і арыенціровачныя кошты паездкі, а таксама пра іншыя ўмовы яе выканання.

— У сувязі з гэтым рэкамендуем пры замове аўтамабіля-таксі «ад борта» ўдакладняць у кіроўцы арыенціровачны кошт паездкі ў рублях. Фразы «па лічыльніку», «па тарыфах» і іншыя аналагічныя могуць служыць сігналам да таго, што вас спрабуюць увесці ў зман, — падкрэслілі ў Мінтрансе.

Тут дадалі, што ў адпаведнасці з Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў» устаноўлены абавязак выканаўцы (кіроўцы, перавозчыка) своечасова даць пасажыру неабходную і дакладную інфармацыю аб цане (тарыфах) паслугі і ўмовах яе аплаты.

— У выпадку непрадстаўлення дадзенай інфармацыі спажывец мае права скасаваць дагавор перавозкі пасажыра аўтамабілем-таксі і запатрабаваць вярнуць грашовыя сродкі, выплачаныя за аказаную паслугу, — пракаментавалі ў ведамстве.

Таксама тут растлумачылі, што пасажыр мае права адмовіцца ад аплаты паездкі ў выпадку аказання паслугі па перавозцы з няспраўнымі, выключанымі (заблакіраванымі) праграмнай касай для таксі або касавым апаратам, сумешчаным з таксометрам, за выключэннем выпадкаў выканання перавозкі аўтамабілямі-таксі, замоўленай і аплачванай з дапамогай электроннай інфармацыйнай сістэмы з выкарыстаннем рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак.

— Паважаныя пасажыры, будзьце максімальна пільнымі і ўважлівымі пры замове аўтамабіля-таксі «ад борта», — заклікалі ў ведамстве.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю