Top.Mail.Ru

У Мінюсце расказалі, у якім выпадку рыэлтарскую арганізацыю могуць пазбавіць ліцэнзіі

З 16 мая ўступілі ў сілу асноўныя палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 2025 года «Аб рыэлтарскай дзейнасці». На працягу года Міністэрствам юстыцыі прымаліся меры па забеспячэнні рэалізацыі яго патрабаванняў, прымаліся неабходныя падзаконныя акты, праводзілася інфармацыйная работа. 


Намеснік міністра юстыцыі Ірына Сцяпура акцэнтавала ўвагу на некалькіх момантах, якія хвалююць і рыэлтарскую супольнасць, і будуць карысныя спажыўцам. 

— Першае — у нас скасаваны інстытут агентаў па аперацыях з нерухомасцю. Яны павінны набыць статус рыэлтара — тыя, хто жадае працягнуць сваю дзейнасць на рынку нерухомасці. Нагадаю, што скасаванне гэтага інстытута выклікала самыя гарачыя спрэчкі ў рыэлтарскай супольнасці. Выказваліся розныя пункты гледжання, і ўсе яны былі з негатыўным ухілам — пра тое, што агенты не пяройдуць у статус рыэлтара, не будуць павышаць свой прафесійны ўзровень, праходзіць навучанне. А калі яны пройдуць навучанне, то не прыйдуць на экзамен у Міністэрства юстыцыі. А калі дойдуць (у Міністэрства. — «Зв».), то яно не дазволіць ім яго здаць. Былі розныя здагадкі.

Ірына Сцяпура запэўніла: рэальнасць далёкая ад гэтых прагнозаў. 

— На самай справе, агенты па аперацыях з нерухомасцю вельмі актыўна на працягу апошняга года заяўляліся на экзамен у Міністэрства юстыцыі. Колькасць асоб, якія яго паспяхова здалі, досыць высокая.

Другое пытанне, якое выклікала бурныя абмеркаванні, датычылася Палаты рыэлтараў, адзначыла спікер. 

— Яна створана — гэта факт. Палата рыэлтараў функцыянуе на працягу месяца. Я хачу нагадаць, што імкненне яе стварыць — не жаданне нейкім чынам фармалізаваць галіну. Гэты орган мы разглядаем як неабходнасць для далейшага развіцця рыэлтарскай супольнасці. Гэта хутчэй крок да сталасці ў прафесіі. З 16 мая ў краіне аказваць рыэлтарскія паслугі могуць толькі тыя асобы, якія з’яўляюцца членамі Палаты рыэлтараў. У гэтай сувязі спажыўцам, якія звяртаюцца ў рыэлтарскія арганізацыі, неабходна праверыць дзве рэчы: зайсці на сайт Міністэрства юстыцыі і паглядзець статус рыэлтара (ці насамрэч ён з’яўляецца работнікам рыэлтарскай арганізацыі), а на сайце Палаты рыэлтараў пераканацца, што асоба, якая аказваецца паслугі, з’яўляецца членам Палаты рыэлтараў. Што датычыцца раней заключаных дагавораў: калі асобай, адказнай па дагаворы, з’яўляецца рыэлтар, які не стаў членам Палаты рыэлтараў, то, значыць, ён не можа працягваць такую дзейнасць і суправаджаць гэты дагавор. Паўнамоцтвы павінны быць перададзены іншаму работніку рыэлтарскай арганізацыі. Калі выяўляецца факт аказання рыэлтарскіх паслуг асобай, якая не з’яўляецца членам Палаты рыэлтараў, гэта з’яўляецца грубым парушэннем ліцэнзійных патрабаванняў. Для рыэлтарскай арганізацыі гэта будзе мець вельмі негатыўныя наступствы. Магчыма вынясенне папярэджання аб ліквідацыі парушэння ці ўвогуле прыпыненне дзеяння ліцэнзіі.

Некаторыя рыэлтарскія агенцтва пачынаюць хітрыць і сваіх агентаў па аперацыях з нерухомасцю спрабуюць перавесці на іншыя пасады тэхнічнага або дапаможнага персаналу, захаваўшы за імі ранейшы функцыянал. Ірына Сцяпура папярэдзіла, што гэта з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства аб ліцэнзіраванні.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю