У дзіцячым гарадку жывуць розныя дзеці. Сярод іх — хлопцы і дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця. Ім складана ўдвая: і без бацькоў засталіся, і з хваробай змагаюцца. Выхавальнікі акружаюць іх клопатам. Не застаюцца ў баку і праваахоўныя органы.
З падарункамі да выхаванцаў у Міжнародны дзень інвалідаў прыехалі намеснік начальніка Ленінскага РУУС г. Мінска Дзмітрый Міхалевіч і намеснік начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Сяргей Марозька. Міліцыянеры — частыя госці ў дзіцячым гарадку. Аказваюць пасільную дапамогу, віншуюць са святамі, праводзяць карысныя мерапрыемствы.

І гэта наведванне не стала выключэннем. Сяргей Марозька правёў з дзецьмі прафілактычную гутарку аб шкодзе вэйпаў. У прыватнасці, ім быў развеяны папулярны міф наконт таго, што гэта проста бяскрыўдная пара. Нагадаў супрацоўнік органаў унутраных спраў і аб адказнасці за курэнне ў неналежных месцах.

Дзмітрый Міхалевіч, у сваю чаргу, папярэдзіў аб лёгкіх, але незаконных заробках. Расказаў аб кур’ерах, якія за грошы перавозяць сумнеўныя скруткі. «Не бывае лёгкіх грошай», — падкрэсліў ён.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Ленінскага РУУС г. Мінска