Top.Mail.Ru

У Міжнародны дзень тэатра варта пацікавіцца не толькі афішамі

Тэатр пачынаецца з... экскурсіі

27 сакавіка людзі тэатра лічаць сваім прафесійным святам, але не менш значны гэты дзень і для адданых гледачоў: аднойчы перажыўшы эмацыянальнае ўзрушэнне ад сцэнічнай дзеі, як правіла, чалавек пачынае сачыць за прэм’ерамі, адзначае найлепшае. Апошнія некалькі гадоў беларускія тэатры перажываюць хвалю інтарэсу гледачоў, а на квіткі ў некаторыя тэатры і спектаклі даводзіцца літаральна паляваць, бо разыходзяцца імгненна. Вядома, вызначальныя тэма і выбар матэрыялу для пастаноўкі. Але і самі тэатры сёння больш актыўна ідуць да людзей, адкрываючы ім свае таямніцы, напрыклад, падчас экскурсій. Гэта дае плён у прыцягненні гледача і, як вынік, уплывае на фінансавы складнік.

Пра тое, што беларускія тэатры могуць рабіць экскурсіі, пачалі задумвацца крыху больш, чым дзясятак гадоў таму, пры тым што ў свеце гэта даволі распаўсюджаныя паслугі (праўда, у вядомых установах, гісторыя якіх налічвае некалькі стагоддзяў). А ў нас калі і не столькі па часе, то... Летапіс некаторых тэатраў дазваляе лепш зразумець пэўны перыяд у гісторыі, значны не толькі для нашай краіны.

Напрыклад, больш за стагоддзе таму ў цэнтры Мінска быў узведзены на сродкі гараджан будынак найстарэйшага драматычнага тэатра Беларусі. З пункту гледжання архітэктуры, вядома, нічога новага ніхто не прыдумваў, але для вонкавага аздаблення характэрная эклектыка, у якой спалучыліся рысы неакласіцызму і неабарока. На пачатку мінулага стагоддзя будынак Мінскага гарадскога тэатра называлі найлепшым па прыгажосці і вытанчанасці ў горадзе. А далейшая гісторыя, якая вяршылася ў гэтых сценах, вартая асобных расповедаў: у 1917-м тут прайшоў Першы з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту, Першы з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. У 1919-м менавіта тут была прынята першая Канстытуцыя БССР.

Сапраўдныя легенды айчыннай сцэны, якія некалі служылі ў Купалаўскім тэатры, мелі званні народных артыстаў Беларусі і СССР (і нават цяпер працягваюць працаваць). Пра гэты тэатр гаварылі як пра «храм беларускай тэатральнай культуры» нездарма. І каб паглыбіцца ў тую гісторыю, падыхаць яе паветрам, варта завітаць у тэатр, папярэдне замовіўшы экскурсію.

Не менш адметны будынак ХІХ стагоддзя, у якім месціцца Магілёўскі абласны драматычны тэатр — пабудаваны з чырвонай цэглы з белай аздобай, ён таксама быў сведкам гістарычных падзей, пра што распавядаюць падчас экскурсій.

Гісторыя тэатра ўплецена ў гісторыю горада — гэта ацэняць не толькі аматары тэатра, але і падарожнікі: тэатр знаходзіцца каля Плошчы Зорак і гарадской Ратушы. Экскурсіі праходзяць па замове, так працуюць у асноўным абласныя драматычныя тэатры — 

Якуба Коласа ў Віцебску, у Гомелі, Брэсце (архітэктура савецкага неакласіцызму). Драматычны тэатр у Гродне з арыгінальным будынкам у выглядзе кароны — прыклад архітэктуры савецкага мадэрнізму. Але ж тых, хто прыходзіць, больш цікавіць менавіта тэатральнае чараўніцтва.

У Вялікім тэатры Беларусі экскурсійная праграма ўжо нават упісана ў афішу. Ён ці не першы адчуў плён дадатковых паслуг, у тым ліку экскурсійных. Будынак таксама цікавы і адметны сваёй гісторыяй і архітэктурай канструктывізму. Але цяпер тут збіраюцца групы, каб зазірнуць за заслону сцэны. Калі тэатральная супольнасць разумее, што ёсць таямніца і чараўніцтва, праз якія мы бачым створаную аўтарамі і пастаноўшчыкамі рэчаіснасць, то, прынамсі, частку публікі можна прыцягнуць у залу, аднойчы прыадчыніўшы дзверы грымёрак артыстаў оперы і балета, цэхаў, дзе вырабляюць для іх касцюмы, альбо тэхнічных службаў, якія працуюць на сцэне і рыхтуюць дэкарацыі. І такіх экскурсій бывае каля 20 за месяц — яны запатрабаваныя.

Адны з найбольш захапляльных, напэўна, экскурсіі ў тэатры лялек, куды можна прыходзіць нават з маленькімі дзеткамі, а то і падчас арганізаваных майстар-класаў паспрабаваць зрабіць ляльку ўласнымі рукамі. Тэатральны турызм пашыраецца ў Беларусі, таму што ёсць у нас тэатры і пастаноўкі, на якія адмыслова прыязджаюць аўтобусы з групамі з іншых гарадоў.

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю