11 красавіка 1945 года вязні нацысцкага канцлагера Бухенвальда на чале з інтэрнацыянальным палітычным цэнтрам паднялі ўзброенае паўстанне, у выніку якога захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў. Наша краіна памятае страшную трагедыю той жудаснай вайны, і ў гэтую пятніцу тысячы мінчан і гасцей сталіцы прыйшлі ў мемарыяльны комплекс «Трасцянец», каб ускласці кветкі і аддаць даніну памяці тым людзям, якія сталі ахвярамі фашызму.
Лагер смерці Трасцянец — найбуйнейшае на тэрыторыі Беларусі месца масавага знішчэння людзей у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Ён знаходзіцца ў адным шэрагу з Асвенцымам, Майданекам і Трэблінкай. Назва «Трасцянец» аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына — месца масавых расстрэлаў; лагер побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 кіламетраў ад Мінска па Магілёўскай шашы; урочышча Шашкаўка — месца масавага спалення людзей. Паводле афіцыйных звестак, усяго ў лагеры смерці Трасцянец загінулі 206,5 тысячы чалавек.
Трасцянецкі лагер смерці працягваў функцыянаваць да канца чэрвеня 1944 года. Людзі ніколі не забудуць тых велізарных чалавечых ахвяр, якія прынесла вайна. Першы жалобна-ўрачысты мітынг, прысвечаны памяці ахвяр фашызму, адбыўся ў Трасцянцы 3 верасня 1944 года.
Самае галоўнае для ўсіх беларусаў — захаваць памяць
«Сёння мы адзначаем сапраўды журботную дату, — заявіла першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Надзея Лазарэвіч. — 11 красавіка — гэта той дзень, калі брама Бухенвальда была адчыненая, і свет убачыў жахі вайны. Тыя людзі, якія выжылі, усё жыццё праносілі гэты боль і расказвалі, што гэта было. Наша дзяржава робіць многае для захавання памяці. Мы праводзім мерапрыемствы, сустракаемся з людзьмі, падтрымліваем удзельнікаў вайны і былых вязняў канцлагераў. І сапраўды, сёння тут, на гэтым мемарыяле, мы яшчэ раз схілім калена і скажам вялікі „дзякуй“ тым людзям, якія змагаліся за мірнае неба над нашай галавой».
Яна адзначыла вялікую работу, праведзеную Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь: «Выкрываюцца ўсё новыя і новыя факты пахаванняў. Толькі ў нашай краіне было 570 месцаў, дзе непасрэдна ўтрымліваліся вязні. Іх марылі голадам і знішчалі, знішчалі наш дух і нашу гісторыю. І, вядома ж, цяпер, калі мы выкрываем усё больш і больш фактаў, мы гаворым пра тое, што не кожны чацвёрты, а кожны трэці ў нашай краіне загінуў, стаў ахвярай тых жудасных падзей».Надзея Лазарэвіч падкрэсліла, што самае галоўнае для ўсіх беларусаў — захаваць памяць: «Галоўнае — памятаць, што мы пакаленне пераможцаў, што мы тыя людзі, якія павінны абараняць інтарэсы сваёй краіны, абараняць і захоўваць гісторыю. І вельмі важна падтрымліваць тых людзей, якія яшчэ жывыя, у якіх жывая памяць. Толькі ў памяці сіла, толькі ў памяці ёсць тое, што не дазволіць нам у выпадку чаго стаць на калені, здацца. Мы заўсёды будзем змагацца, таму што мы — пакаленне пераможцаў».
«Каб наша шматпакутная зямля ніколі больш не спазнала жахаў вайны»
«Бухенвальд, Асвенцым, Дахау, Трасцянец... Здаецца, што гэты чорны спіс лагераў смерці бясконцы, — заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец. — Гэта менавіта той спіс, які непарыўна звязаны з дзясяткамі, сотнямі тысяч чалавечых жыццяў, якія сталі мімавольнымі, нявіннымі ахвярамі вайны. Біяграфія кожнага з іх — гэта сапраўдны прыклад стойкасці, мужнасці, бязмежнай прагі жыцця. А для нас — тых, хто сёння мае магчымасць жыць пад мірным небам, — гэта маральны ўрок. І наш агульначалавечы, агульнаграмадзянскі абавязак — зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб наша шматпакутная зямля ніколі больш не спазнала жахаў вайны. Мы памятаем, схіляем калені і ніколі гэтага не забудзем».
Сёння, знаходзячыся на гэтым месцы трагедыі, мы ўспамінаем падзеі Вялікай Айчыннай вайны, адначыў член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Эдуард Севярын: «На жаль, у сучасным свеце праводзіцца палітыка безадказнасці. Мы бачым, што адбываецца сціранне гістарычнай памяці, і наша задача, у тым ліку дэпутацкага корпуса, — не толькі захаваць гістарычную памяць, але і перадаць яе маладому пакаленню, перадаць адказнасць за захаванне гістарычнай памяці. Мы бачым, што ў сучасным палітычным свеце, у тым ліку ў суседніх дзяржавах, адбываецца сціранне, адбельванне тых злачынстваў, якія былі здзейснены акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На розных міжнародных памятных мерапрыемствах па вызваленні Бухенвальда расійскі і беларускі бок на афіцыйным узроўні запрошаны не былі. Мы павінны памятаць, перадаць будучым пакаленням і адстойваць свае пазіцыі на ўсіх узроўнях: на духоўным узроўні, на ўзроўні палітыкі. І яшчэ раз падкрэсліваю, што мы абавязаны перадаць маладым пакаленням, тым, хто прыйдзе нам на змену, гістарычную памяць і гістарычную адказнасць».
«Гэта быў вельмі жудасны час, пастаянны холад, голад...»
Звяртаючыся да прысутных, былы непаўналетні вязень канцлагера Гановер Інеса Кулага адзначыла, што даты 80-годдзя вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў сталі сімвалам гераізму, мужнасці і трагізму нашай адзінай Радзімы — былога Савецкага Саюза. «Мы, малалетнія вязні фашызму, прайшоўшы сотнямі тысяч праз засценкі 14 тысяч канцлагераў, гета, турмаў, маршавых калон, тыя, хто ўбачылі ў дзіцячыя гады масавыя расстрэлы, павешанні, спаленні, атручванні, выпампоўванне крыві, псеўдамедыцынскія эксперыменты, рабскую працу і анямечванне, перадаем вам нашу памяць пра зверствы фашызму і нацызму. Мы перадаем моладзі наказ — зрабіце ўсё магчымае, каб ніколі не паўтарыўся наш сумны канцлагерны лёс. Гадуйце дзяцей, вучыцеся, працуеце, абараняйце мірнае неба», — сказала Інеса Кулага.
У размове з журналістамі Інеса Кулага падкрэсліла: наша моладзь абавязкова павінна гэта ўсё бачыць і чуць: «Вось чаму мы прыходзім у школы, гімназіі, універсітэты, на розныя патрыятычныя мерапрыемствы. Моладзь павінна ведаць, якая крывавая, страшная была тая вайна, якія зверствы тварылі фашысты і нацысты, як яны здзекаваліся над намі, над нашым народам. Сёння моладзь расце ў новай, добрай краіне. Беларусь выдатная, і мы яе вельмі любім».
Жанчына падзялілася сваімі асабістымі ўспамінамі аб тым страшным часе: «Я была трохгадовым дзіцем, калі мяне ў 1943 годзе разам з мамай і сястрычкай сагналі ў Германію. Тады нас змясцілі ў таварныя вагоны, мы доўга ехалі.... Наша сям’я трапіла ў канцлагер Гановер, які цалкам быў акружаны калючым дротам. Я была маленькай, і не вельмі разумела, што адбываецца. Мой бацька ваяваў на фронце з самага першага дня. А мы жылі ў бараках, нас не кармілі, было вельмі страшна. Не дай Бог вам, вашым дзецям даведацца, што такое вайна, таму што пастаянныя выбухі, кроў — такія пакуты, якія не перадаць словамі. Гэта быў вельмі жудасны час, пастаянны холад, голад... І калі мы бачылі, што каля сметніцы валяюцца нейкія кавалачкі хлеба, мы гатовыя былі з’есьці кожную крошку. Калі і бывала такое, што хтосьці перакіне бульбіну або кавалачак хлеба праз плот, то наглядчык-паліцай бізуном нас адганяў. Ён растоптваў усё нагамі, каб нам нічога не дасталася. Гэта быў вельмі страшны час, і не дай Бог, каб гэта паўтарылася».
Але пасля некалькіх гадоў пакут надышоў і светлы час: «Дзень Перамогі 9 мая мы да гэтага часу сустракаем з такой радасцю, з такім шчасцем. Мы заўсёды выходзім на святочныя мітынгі. Час ідзе, усё мяняецца, але мір абавязкова трэба захаваць, што бы там ні здарылася!».
Фота аўтара і БелТА