Top.Mail.Ru

У МУС папярэджваюць аб шматузроўневых схемах і атаках кібермахляроў

Агульная колькасць кіберзлачынстваў у 2025 годзе ўпершыню за некалькі гадоў скарацілася на 6 %, але іх доля ў агульнай структуры злачыннасці, наадварот, вырасла, наблізіўшыся да трэці. Пра трывожную тэндэнцыю расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр РЫНГЕВІЧ.


Фактычна, на сённяшні дзень кожнае трэцяе правапарушэнне ў нашай краіне здзяйсняецца менавіта ў інтэрнэце. Пераважная большасць з іх — больш за 96 % — маюць карыслівыя матывы: як правіла, мэтай кіберзлачынцаў становяцца грошы або персанальныя дадзеныя грамадзян.

Разам з тым, ускладніліся схемы падману: усё часцей людзей апрацоўваюць паэтапна, уціраючыся ў давер патэнцыйнай ахвяры пад выглядам, напрыклад, работнікаў камунальных службаў ці іншых арганізацый. Спецыялісты нагадваюць: ашуканцы просяць паведаміць код з СМС, каб атрымаць доступ да фінансаў. Потым яны ж дапамагаюць «выратаваць грошы», патрабуючы тэрмінова перавесці іх на «абаронены рахунак» або паведаміць рэквізіты карты. Хваляванне выклікае і новая мэтавая аўдыторыя ашуканцаў — дзеці і падлеткі. У другой палове 2025 года ўсё часцей фіксаваліся такія выпадкі: злачынцы збіраюць кантакты і дадзеныя іх гульнявых акаўнтаў, уціраюцца ў давер праз сацсеткі, каб пасля ўцягнуць падлеткаў у супрацьпраўныя дзеянні або атрымаць праз іх доступ да кашалькоў і банкаўскіх карт іх бацькоў.

Супрацоўнікамі МУС пастаянна праводзіцца прафілактычная работа з насельніцтвам для папярэджання аб небяспеках такога кшталту. І эфект, паводле слоў Аляксандра Рынгевіча, заўважны. Напрыклад, інфармацыйныя ролікі, якія на працягу доўгага часу транслююцца ў грамадскім транспарце, папярэджваюць аб класічных схемах з «сваякамі, якія трапілі ў бяду»:

— Нягледзячы на стаўленне некаторых людзей да падобнай інфармацыі як да «інфармацыйнага шуму», гэта дастаткова эфектыўны спосаб данесці да грамадзян актуальныя звесткі. Метады ашуканцаў мяняюцца вельмі дынамічна, і людзям пра іх трэба расказваць. 

Пацверджаннем карысці такой работы з’яўляецца рост колькасці зарэгістраваных замахаў на кіберзлачынствы. Гэта значыць, што грамадзяне, своечасова распазнаўшы падман, спыняліся і заяўлялі ў праваахоўныя органы. «Негатыўных наступстваў у гэтых выпадках не наступала, — падкрэсліў Рынгевіч. — Хоць і ўзбуджаюцца справы аб замаху, разам з тым мы фіксуем, што ніхто не пацярпеў, дзякуючы ў тым ліку праведзенай прафілактыцы».

Аміна НАЗАРАВА, фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю