Top.Mail.Ru

У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу «Адкрываем Беларусь»

Праект аб’яднаў школьнікаў і маладых педагогаў вакол вывучэння гістарычнай праўды і захавання памяці пра мінулае краіны.


З верасня па снежань 2025 года ў Рэспубліцы Беларусь па ініцыятыве Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта прайшоў II Рэспубліканскі конкурс «Адкрываем Беларусь». У 2025 годзе ён быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і стаў важнай часткай агульнанацыянальнай работы па захаванні гістарычнай памяці.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў II Рэспубліканскага конкурсу «Адкрываем Беларусь» прайшла 20 снежня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Акадэмія адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама структурныя падраздзяленні выканаўчых камітэтаў, якія курыруюць сферу адукацыі. Асноўная мэта праекта — фарміраванне ў моладзі паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага краіны, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму, любові да Радзімы і ўмення супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі гісторыі.

Згодна з палажэннем конкурсу, удзельнікі стваралі відэаролікі, прысвечаныя асобам, падзеям ці з’явам з гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У конкурсе прынялі ўдзел вучні V–XI класаў у дзвюх узроставых катэгорыях, а таксама маладыя настаўнікі гісторыі ва ўзросце да 31 года.

Конкурс праходзіў у чатыры этапы: школьны, раённы (гарадскі), абласны (Мінскі гарадскі) і рэспубліканскі. На фінальны, рэспубліканскі этап было прадстаўлена 59 работ: 21 — ад вучняў V–VII класаў, 21 — ад вучняў VIII–XI класаў і 17 — ад настаўнікаў гісторыі.

Працы пераможцаў будуць размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале. Акрамя таго, відэаролікі плануецца выкарыстоўваць у выхаваўчай і адукацыйнай дзейнасці: у межах праекта «Школа актыўнага грамадзяніна», праграмы «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма», а таксама на ўроках гісторыі Беларусі.

Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай адзначыў, што галоўная каштоўнасць праекта — у арыентацыі моладзі на вывучэнне гістарычнай праўды менавіта там, дзе яны жывуць: у сваіх гарадах, вёсках, сем’ях, навучальных установах.

У сваім выступленні Аляксандр Кадлубай таксама выказаў словы падзякі бацькам удзельнікаў — за падтрымку і натхненне, калектыву музея — за гасціннасць. У завяршэнне намеснік міністра пажадаў усім удзельнікам моцнага здароўя, далейшага творчага імпэту і натхнення ў справе захавання гістарычнай памяці.

Міхаіл Данілковіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю