У МЗС Беларусі расказалі пра інтэнсіўны непублічны дыялог з заходнімі калегамі. Адпаведную заяву зрабіў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта, перадае БелТА.
«Дыялог непублічны ідзе апошні год вельмі інтэнсіўна. Мы сустракаемся рэгулярна з калегамі нашымі, дырэктарамі палітдэпартаментаў, намеснікамі міністраў у сталіцах і на пляцоўках міжнародных арганізацый. Ён не афішуецца. Абмяркоўваецца досыць вялікі спектр пытанняў — ад палітыкі, эканомікі, супрацьстаяння аднабаковым прымусовым мерам. Выказваем свае пазіцыі, меркаванні, спрачаемся, дыскутуем, не ва ўсім згаджаецца», — расказаў Ігар Сякрэта.
Паводле яго слоў, за гэты год пункт гледжання Беларусі сталі ўспрымаць і разумець значна лепш, да яе сталі прыслухоўвацца. «Так, мы не змаглі, можа быць, ва ўсім змяніць палітыку асобных заходніх дзяржаў. Але тое, што нашы калегі цяпер працягваюць размову ўжо са звыклых і нармальных для нас тэм у эканоміцы, аб узаемадзеянні па лініі культуры, іншых ведамстваў, — гэта ўжо пра многае гаворыць», — адзначыў намеснік міністра.
Ігар Сякрэта звязвае гэтыя працэсы з усведамленнем таго, што чарговыя пакеты санкцый Захаду вычарпалі свой рэсурс. «Бачаць, што эканамічныя страты нясуць у тым ліку прадстаўнікі бізнесу іх краін. І насамрэч у выбудоўванні нармальных кантактаў і падтрыманні нармальнага, цывілізаванага гандлю пераваг больш, чым у захаванні санкцый», — сказаў ён.
Акрамя таго, намеснік міністра звярнуў увагу, што ўсіх у рэгіёне хвалююць і пытанні глабальнай бяспекі.
Каментуючы тэлефонную размову Прэзідэнтаў Беларусі і Францыі Аляксандра Лукашэнкі і Эмануэля Макрона, якая адбылася нядаўна па ініцыятыве французскага боку, намеснік кіраўніка МЗС адзначыў, што гэта ў любым выпадку на карысць. Гэта дае сігнал і дастаткова сур’ёзны імпульс, каб пасля тыя ці іншыя пытанні былі адпрацаваны на ўзроўні канкрэтных ведамстваў.