Top.Mail.Ru

У МЗС параўналі падыходы да прыёму мігрантаў у Беларусі і ЕС. У чым галоўныя адрозненні?

У Еўропе створаны ўмовы, якія стымулююць прыток міграцыі. Аб гэтым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта заявіў у інтэрв’ю нямецкаму выданню NachDenkSeiten, паведамляе БелТА.



Гаворачы аб прычынах нелегальнай міграцыі на прасторы Еўрапейскага саюза, Ігар Сякрэта заявіў, што Еўропа сама стварыла гэты «магніт».

«Усе цудоўна ведаюць, што ў Германіі вельмі шчодрая сістэма сацыяльных гарантый. Я лічу, што гэта, увогуле, нават несправядліва ў адносінах да саміх немцаў. Але гэта ваш выбар. На мой погляд, трымаць чалавека, які апынуўся ў складанай сітуацыі, пастаянна на сацыяльным забеспячэнні за кошт падаткаў уласных грамадзян — гэта няправільна. Але гэта толькі мая думка — вырашаць вам. Вы самі выбіраеце тую палітыку, якая вам патрэбна», — сказаў дыпламат.

Разам з тым ён заўважыў, што, калі меркаваць па паведамленнях у нямецкай прэсе, усё больш і больш жыхароў Германіі выступаюць супраць такога курсу. «Яны адкрыта гавораць: „Мы не хочам аплачваць знаходжанне на нашай тэрыторыі тых, хто не жадае працаваць“. І я абсалютна з імі згодны», — дадаў намеснік міністра.

У Беларусі ж зусім іншы падыход, звярнуў увагу Ігар Сякрэта. «Калі ты хочаш мець роўныя правы з беларусамі, ты павінен працаваць, як беларус. Ты павінен стаць адным з нас: вывучыць мову, выконваць законы, зарабляць грошы і плаціць падаткі. Тады і стаўленне да цябе будзе, як да свайго. Менавіта таму мы не прыцягваем велізарнага патоку мігрантаў — яны ведаюць, што ў нас трэба працаваць. А ў Германіі, Швецыі або іншых скандынаўскіх краінах створаны ўмовы, якія літаральна стымулююць гэты прыток», — падкрэсліў намеснік міністра.

Каменціруючы спробы мігрантаў трапіць на тэрыторыю ЕС праз Беларусь, Ігар Сякрэта адзначыў, што калі гэтыя людзі прыязджаюць у Беларусь, то тут да іх няма ніякіх пытанняў. Яны прыбываюць абсалютна легальна: як правіла, з Расіі, з расійскімі візамі. У іх ёсць пашпарты, білеты, многія заключаюць дагаворы на вучобу.

«Для нас яны не нелегалы, а легальныя турысты. Яны пакідаюць тут грошы, купляюць прадукты, жывуць у нашых гасцініцах і практычна нічым не адрозніваюцца ад звычайных падарожнікаў. Але ў нейкі момант яны вырашаюць перасячы граніцу з Еўрасаюзам. А як зрабіць гэта легальна? Польскія і літоўскія пагранічнікі праз афіцыйныя пункты пропуску іх не пускаюць, папрасіць прыстанішча не даюць. У выніку людзі карыстаюцца „зялёнай граніцай“ і перасякаюць яе там, дзе няма пагранічных патрулёў. І ў гэтым ім актыўна дапамагаюць тыя ж літоўцы і палякі, якія вельмі добра на гэтым зарабляюць. Яны вязуць мігрантаў на сваіх машынах далей у Германію, дзе ўнутры шэнгенскай зоны ўжо няма граніц», — расказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, ловяць на кантрабандзе людзей часцей за ўсё менавіта грамадзян Літвы і Польшчы. «Я мог бы прывесці мноства прыкладаў, калі нашы пагранічнікі і медыкі фактычна ратавалі жыццё замежным грамадзянам, бязлітасна збітым па другі бок граніцы і выкінутым да нас паміраць. Не ўпэўнены, што польскія гуманітарныя арганізацыі фіксуюць такія выпадкі. Тыя, каму ўдаецца выжыць, паведамляюць пра падобныя сцэнарыі абыходжання з імі людзей у форме на тэрыторыі суседніх з Беларуссю краін: бежанцаў затрымліваюць, адбіраюць грошы і асабістыя рэчы, ламаюць мабільныя тэлефоны і знішчаюць дакументы. Затым людзей змяшчаюць у мікрааўтобусы, дзе збіваюць, часам пагражаючы зброяй. Пасля гэтага скалечаных людзей пад пагрозай расправы выштурхоўваюць у Беларусь праз брамку для жывёл», — падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю