Міністэрства замежных спраў выступіла з тлумачэннямі пра парадак уезду ў Беларусь і выезду з яе тэрыторыі беларускіх грамадзян, якія маюць таксама грамадзянства замежных дзяржаў, паведаміла БелТА.
«У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь „Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь“ ад 1 жніўня 2002 года, калі на дзень нараджэння дзіцяці хоць бы адзін з бацькоў дзіцяці знаходзіцца ў грамадзянстве Рэспублікі Беларусь, дзіця набывае грамадзянства Рэспублікі Беларусь паводле нараджэння незалежна ад месца нараджэння. За асобай, якая з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, не прызнаецца прыналежнасць да грамадзянства замежнай дзяржавы», — адзначыла начальнік упраўлення па пытаннях грамадзянства і выезду за мяжу галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Святлана Барысенка.
Гэта азначае, што грамадзянін Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у яго грамадзянства іншай дзяржавы, павінен уязджаць у нашу краіну і выязджаць з яе тэрыторыі па пашпарце грамадзяніна Беларусі.
«Суайчыннікі, якія знаходзяцца за мяжой і не маюць сапраўднага беларускага пашпарта, у тым ліку з прычыны заканчэння тэрміну яго дзеяння, непрыдатнасці для выкарыстання, страты, павінны звярнуцца ў зручнае для іх беларускае пасольства або консульства па афармленне пасведчання на вяртанне — гэта дакумент, які пацвярджае права на аднаразовы ўезд у Рэспубліку Беларусь», — растлумачылі ў МЗС.
У ведамстве таксама звярнулі ўвагу на тое, што пасведчанне на вяртанне ў Беларусь не можа быць выкарыстанае для выезду з краіны.