Top.Mail.Ru

У НАН Беларусі абмяркоўваюць будучыню мікрабіялогіі

У Інстытуце мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стартавала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Генна-інжынернае канструяванне мікраарганізмаў. Біяінфарматыка». У цэнтры ўвагі — перадавыя генныя тэхналогіі, якія мяняюць сельскую гаспадарку, прамысловасць і медыцыну. 



Мерапрыемства аб’яднала каля ста знакамітых даследчыкаў і маладых вучоных з Беларусі, Расіі і Казахстана. З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксей Труханаў. Ён адзначыў, што правядзенне навуковых мерапрыемстваў, у тым ліку ў Інстытуце мікрабіялогіі, — гэта не толькі абмен ведамі і вопытам, але і рэальны ўклад у развіццё айчыннай навукі і тэхналогій: «Такія канферэнцыі садзейнічаюць умацаванню навуковых сувязей, стымулююць новыя ідэі і сумесныя праекты, дапамагаюць вырашаць актуальныя задачы сучаснасці. Гэта асаблівая падзея, якая кожны раз пацвярджае значэнне навуковых даследаванняў для прагрэсу і працвітання».

Праграма канферэнцыі вельмі насычаная і ўключае больш за 50 дакладаў. Удзельнікі маюць намер абмеркаваць шырокае кола пытанняў: ад геномікі мікраарганізмаў і вірусаў да даследаванняў мікрабіёмаў чалавека, раслін і сельскагаспадарчых жывёл. Шэраг дакладаў прысвечаны геннай і метабалічнай інжынерыі мікраарганізмаў, прававым аспектам абыходжання з генна-інжынернымі формамі, забеспячэнню біябяспекі і не толькі.

Як паведамляюць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць сучасным падыходам да аналізу вялікіх біялагічных даных, новым вылічальным інструментам для даследавання генетычных сістэм і інавацыйным стратэгіям распрацоўкі біятэхналагічных рашэнняў.

Акрамя таго, беларускія навукоўцы прадставяць распрацаваную імі камп’ютарную мадэль, прызначаную для аператыўнай ідэнтыфікацыі бактэрый і пошуку больш падобнага геному ў базе даных ГенБанк.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю