У Нацыянальным банку ў пятніцу, 27 сакавіка, падвялі вынікі конкурсу відэаблогераў «Грошы маюць значэнне». Па традыцыі ён быў прымеркаваны да Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі, які праходзіў у краіне з 16 па 22 сакавіка 2026 года. Сёлета на конкурс паступіла больш за 500 відэаролікаў на тэму «Лічбавыя фінансы». Дзяўчынкі і хлопчыкі з усіх рэгіёнаў Беларусі разважалі аб лічбавым банкінгу і сучасных спосабах аплаты, штучным інтэлекце ў фінансах, лічбавай бяспецы, фінансавых тэхналогіях будучыні (блокчэйне, крыптавалютах, лічбавым рублі). Карэспандэнт «Звязды» пабывала на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў.
Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка, віншуючы пераможцаў, адзначыў, што на працягу дзевяці гадоў гэты конкурс з’яўляецца візітнай карткай і адной з ключавых падзей Тыдня фінансавай граматнасці. Конкурс, паводле яго слоў, штогод адкрывае новыя імёны, таленты і дэманструе высокі ўзровень цікавасці і ўцягнутасці моладзі ў пытанні фінансавай асветы.
«Тэма сёлетняга конкурсу вельмі актуальная і своечасовая — „Лічбавыя фінансы“, — падкрэсліў Раман Галоўчанка. — Яна выбрана невыпадкова, таму што адлюстроўвае ключавыя тэндэнцыі сённяшняга дня, тое, што адбываецца ў эканамічным свеце. Гэта імклівыя змены, у ходзе якіх лічбавыя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць у жыццё кожнага з нас, у тым ліку ў сферу фінансаў. Фінансаў дзяржаўных, персанальных фінансаў. І становяцца ўжо не нейкай тэхналогіяй, на якую мы глядзім, яны становяцца неад’емным элементам нашага паўсядзённага жыцця. Вашы бацькі, старэйшыя члены сям’і вельмі шмат дзеянняў здзяйсняюць у лічбавым асяроддзі з дапамогай банкаўскага мабільнага дадатку, які ёсць у кожным смартфоне. Мы да гэтага прывыклі вельмі хутка, але яшчэ зусім нядаўна гэта было нечым такім, з разраду недаступнага».
За ўсім гэтым стаіць складаная і напружаная работа вялікай колькасці людзей, заўважыў старшыня Праўлення Нацыянальнага банка. У тым ліку супрацоўнікаў Нацбанка, якія будуюць лічбавую інфраструктуру і лічбавую фінансавую экасістэму.
«Эфектыўнасць любых тэхналагічных рашэнняў ствараецца галоўным звяном — чалавекам, — заявіў Раман Галоўчанка. — Вы сёння здзейснілі вельмі важны крок у сваім жыцці — сталі ўдзельнікамі гэтага працэсу. Невыпадкова найлепшыя работы будуць выкарыстоўвацца ў тым ліку і ў адукацыйным працэсе, на ўроках, іншых мерапрыемствах, звязаных з фінансавай граматнасцю. Найлепшыя работы будуць размешчаны на адпаведным інтэрнэт-партале і актыўна задзейнічацца ў ходзе мерапрыемстваў, факультатыўных заняткаў ва ўстановах адукацыі па фінансавай граматнасці. Пакуль яны яшчэ факультатыўныя, але, я ўпэўнены, з часам стануць ужо абавязковым элементам адукацыі на ўсіх прыступках, таму што фінансы — гэта адна з тых матэрый, якія пранізваюць жыццё кожнага, і іх роля з кожным годам узрастае».
Задачай конкурсу было раскрыць тэму бяспечнага, адказнага і рацыянальнага выкарыстання сучасных фінансавых інструментаў. На конкурс паступіла больш за 500 работ з усіх куткоў нашай краіны. «Найбольш важным дасягненнем, якое можна адзначыць і якое характэрна для ўсіх канкурсантаў, — здольнасць выкладаць складаныя пытанні ў даступнай, змястоўнай і нагляднай форме. Большасці гэта, вядома ж, удалося. У той жа час у работах былі раскрыты і механізмы функцыянавання лічбавых фінансаў, прааналізаваны магчымасці выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту і прапанаваны вельмі важныя падыходы да абароны ад кібермахлярства, што цяпер, безумоўна, з’яўляецца выклікам для ўсіх у нашым свеце», — дадаў Раман Галоўчанка, звяртаючыся да дзяцей.
У Нацбанку ўшанавалі, паводле яго слоў, не проста пераможцаў конкурсу, але і адзначылі тых прадстаўнікоў моладзі, хто ўносіць такім чынам свой уклад у будучыню нашай краіны, фарміруючы фінансавую культуру новага пакалення.
Яна ВАЛАСАЧ
Будзе дапоўнена
Фота аўтара