Нацыянальны банк з 1 чэрвеня выпускае абноўленую 200-рублёвую банкноту. На ёй з’явіцца подпіс старшыні праўлення Рамана Галоўчанкі, паведаміла агентства «Минск-Новости» са спасылкай на прэс-службу Нацбанка.
Новая купюра працягне серыю абноўленых банкнот, якія выходзілі ў 2019–2022 гадах (5, 10, 20, 50 і 100 рублёў). Дызайн двухсотрублёвай банкноты канцэптуальна захавалі, але ўнеслі некалькі змен.
Замест факсіміле подпісу былога старшыні праўлення Нацбанка Пятра Пракаповіча з’явіцца подпіс цяперашняга старшыні Рамана Галоўчанкі. Год узору «2009» замянілі на год выпуска «2026». На банкноце пазначылі назву намаляванага музея: «Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава».
Абнавілі і ахоўны комплекс. Да шматтонавага вадзянога знака дадалі дадатковы (філігрань) у выглядзе светлага наміналу «200». Ахоўную нітку замянілі на больш шырокую (4 мм) з выяўленымі візуальнымі эфектамі. Па краях банкноты ўжылі ўзмацненне абзы паперы па тэхналогіі Iron Frame. Акрамя таго, банкноту пакрылі двухбаковым лакам для павелічэння зносаўстойлівасці.
Вытворцам новых банкнот выступіў расійскі «Дзяржзнак».
У прэс-службе падкрэслілі, што старыя 200 рублёў узору 2009 года, якія знаходзяцца ў абароце, застаюцца законным плацежным сродкам.
Нагадаем, абнаўленне 200-рублёвай банкноты — частка планавай работы па актуалізацыі дызайну і аховы банкнот узору 2009 года. Новыя купюры закліканы замяніць старыя і пашкоджаныя.