Top.Mail.Ru

У нацпарку «Прыпяцкі» выявілі новае месца пражывання і самае вялікае гняздо арлана-белахвоста

У Нацыянальным парку «Прыпяцкі» выявілі новае месца пражывання арлана-белахвоста і найбуйнейшае з раней вядомых гнёздаў віду на тэрыторыі нацпарка. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на навуковы аддзел установы.

Як падкрэсліла навуковы супрацоўнік Вольга Харытонавіч, арлан-белахвост — адна з самых буйных драпежных птушак Беларусі, размах крылаў якой дасягае 2,6 м. Арлан аддае перавагу сяліцца каля водных экасістэм. Часцей за ўсё ён будуе гнёзды на берагах рэк, старыц і азёр, на балотах і ў прыбярэжных лясах. Гэта абумоўлена і кармавой базай — тут птушка заўсёды знаходзіць ежу: рыбу, вадаплаўных птушак і падалка. Акрамя таго, для ўладкавання гнёздаў арланы выбіраюць старыя высокія дрэвы.

Гняздо арлана — збудаванне з тоўстых галін, якое знутры птушкі высцілаюць карой, лісцем і тонкімі дубцамі. Для паспяховага гнездавання важныя надзейная апора і зручны падлёт. Пара драпежнікаў штогод дабудоўвае гняздо, з часам яно можа дасягаць двух метраў у дыяметры і паўтара метра ў вышыню.

Вольга Харытонавіч расказала, што ўчастак з новым месцам рассялення арлана-белахвоста і найбуйнейшым гняздом віду будзе ўзяты пад ахову. «На гняздо аформяць ахоўнае абавязацельства і пашпарт, а тэрыторыю ўключаць у сістэму маніторынгу навуковага аддзела Нацыянальнага парку. Захаванне гэтага ўчастка стане важным унёскам у падтрыманне ключавой палескай папуляцыі арлана-белахвоста ў Беларусі», — дадала яна.

«Прысутнасць гэтага віду служыць паказчыкам дабрабыту каляводных экасістэм. У Беларусі арлан-белахвост з’яўляецца рэдкім гняздуючым і часткова зімуючым відам. Ён распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі краіны, аднак сустракаецца нераўнамерна. Асноўная частка папуляцыі сканцэнтравана на поўдні краіны, на Палессі — у басейне ракі Прыпяць. Наш нацпарк захоўвае буйныя масівы пойменных лясоў і малапарушаных водна-балотных угоддзяў. Менавіта такія тэрыторыі неабходны арлану для гнездавання і кармлення. З гэтай прычыны парк застаецца адной з ключавых тэрыторый для захавання віду ў Беларусі», — растлумачылі ў «Прыпяцкім».

Арлан-белахвост занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама ўваходзіць у пералік відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення Міжнароднага саюза аховы прыроды. У апошнія гады колькасць віду ў краіне паступова павялічваецца. Гэта абумоўлена сістэмнымі прыродаахоўнымі мерамі.

Асноўныя пагрозы для арлана-белахвоста звязаны з чалавечым фактарам. У прыватнасці, найбольш сур’ёзнай рызыкай застаецца набліжэнне людзей або тэхнікі да «жытлаў» арланаў у гнездавы перыяд — птушка можа пакінуць кладку, а птушаняты будуць асуджаны на гібель. «Адмоўны ўплыў могуць аказваць рубкі старых лясоў, паколькі арлану патрэбны высокія дрэвы з моцнымі развілкамі, якія фарміруюцца на працягу дзесяцігоддзяў. Таксама адбіваюцца меліярацыя і дэградацыя водна-балотных угоддзяў, скарачэнне кармавой базы і такія фактары, як сутыкненні з лініямі электраперадачы і ветрагенератарамі, атручванне прынадамі і браканьерства», — пералічылі ў навуковым аддзеле.

У Нацыянальным парку «Прыпяцкі» нагадалі: для захавання віду ў Беларусі ўжываецца комплекс мер. На кожнае выяўленае гняздо афармляецца ахоўнае абавязацельства і пашпарт, які фіксуе асаблівасці аб’екта і рэжым аховы. Вакол месцаў пастаяннага гнездавання ўстанаўліваецца ахоўная зона радыусам не менш за 500 м, дзе забаронены ўсе віды высечак, абмежаваны гаспадарчая дзейнасць і знаходжанне людзей.

Асаблівы рэжым дзейнічае ў гнездавы перыяд з лютага па ліпень — ад пачатку ўладкавання гнязда да вылету маладых птушак. У гэты час у ахоўнай зоне забаронена знаходжанне ўсіх старонніх асоб. Забаронены рубкі і любыя лесагаспадарчыя работы, правядзенне масавых мерапрыемстваў, выкарыстанне тэхнікі, развядзенне вогнішчаў і спальванне смецця. Абмяжоўваюцца праезд і стаянка транспарту, а палёты паветраных суднаў і дронаў паблізу гнязда дапускаюцца толькі пасля ўзгаднення з адміністрацыяй.

«Гасцей нацпарка просім не сыходзіць з арганізаваных экасцежак і маршрутаў, не набліжацца да месцаў магчымага гнездавання драпежных птушак, не ладзіць турыстычныя стаянкі і пікнікі на тэрыторыі парку ў неўстаноўленых месцах, захоўваць цішыню і не выкарыстоўваць дроны. Калі вы выявілі гняздо буйной драпежнай птушкі, не падыходзьце да яго і паведаміце пра знаходку адміністрацыі Нацыянальнага парку. Беражлівыя адносіны наведвальнікаў — неабходная ўмова паспяховага гнездавання чырванакніжных відаў у Прыпяцкім Палессі», — рэзюмавалі ў навуковым аддзеле Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю