У атрыуме 2-га паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы «Дзяржаўныя і афіцыйныя геральдычныя сімвалы Рэспублікі Беларусь». Экспазіцыя прымеркавана да Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна, які беларусы адзначылі 10 мая.
Арганізатарамі выступілі Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.
Што прадстаўлена на выставе
У экспазіцыі можна ўбачыць эталоны Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Беларусі, а таксама дакументы аб іх зацвярджэнні. Асобны раздзел прысвечаны дзейнасці Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, дэманструюцца дакументы, матэрыялы і эталоны па кожным відзе афіцыйных геральдычных сімвалаў, эталоны нагрудных знакаў дзяржаўных устаноў і арганізацый, а таксама прыклады элементаў форменнага адзення.

Экспазіцыя дае ўнікальную магчымасць убачыць тое, што захоўваецца ў фондах архіўнай галіны краіны, азнаёміцца з практыкай стварэння і замацавання галоўных сімвалаў дзяржавы і зразумець, з якіх дэталяў складваецца афіцыйная геральдыка.
«Выстава будзе папулярнай сярод мінчан і гасцей сталіцы»
«У нашай краіне ўнікальная выстава арганізавана ўпершыню, прысвечаная дзяржаўным і афіцыйным геральдычным сімвалам Рэспублікі Беларусь, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі, старшыня Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Андрэй Мацельскі. — Выстава будзе працаваць некалькі дзён, упэўнены, яна будзе папулярнай сярод мінчан і гасцей сталіцы».
Па словах Андрэя Францавіча, выстава створана на аснове дакументальных матэрыялаў архіўных фондаў краіны, а таксама ўзораў афіцыйных геральдычных сімвалаў, якія ўключаны ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр. На сёння ў ім зарэгістравана больш за дзве з паловай тысячы такіх сімвалаў.
«Геральдыка — не проста мінуўшчына, а жывая мова дзяржаўнай годнасці»
Старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, кандыдат гістарычных навук Марына Ялінская падзялілася сваімі ўражаннямі:
«З вялікім задавальненнем я прысутнічаю на адкрыцці ўнікальнай выставы. Тое, што тут прадстаўлена, з’яўляецца вынікам шматгадовай працы — не толькі людзей, якія падзяліліся сваімі рэдкімі матэрыяламі, але і тых, хто фарміраваў афіцыйную геральдычную сістэму».

Марына Мікалаеўна звярнула асаблівую ўвагу на дзяржаўныя сімвалы: «У іх раскрываецца сутнасць нашага беларускага народа — менталітэт, культура, гісторыя. Дзяржаўныя сімвалы аказваюць станоўчы ўплыў на наш народ і з’яўляюцца візітоўкай краіны на міжнароднай арэне. Асабліва гэта датычыцца Дзяржаўнага гімна, у тэксце якога адлюстраваны характар і асаблівасці беларускага народа».
На адкрыцці выставы таксама выступіў міністр юстыцыі Яўген Каваленка.
«Мы выходзім на фінішную прамую ў рамках работы над законапраектам, які падрыхтаваны ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі заканадаўчых актаў, зацверджаных Прэзідэнтам, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Ён накіраваны на забеспячэнне больш строгай іерархіі геральдычных сімвалаў, адзінага падыходу да афармлення, выкладання і апісання геральдычных сімвалаў, а таксама на ўпарадкаванне іх выкарыстання».

Па словах міністра, законапраектам замацоўваецца забарона на выкарыстанне нагрудных знакаў асобамі, якія не маюць на тое права, і адначасова прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць за парушэнні. Міністэрства юстыцыі і Дэпартамент па архівах і справаводстве забяспечваюць правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі.
Асобна Яўген Іосіфавіч адказаў на пытанне журналістаў, наконт яблыневай кветкі — сімвала, які беларусы традыцыйна носяць на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці: «Гэта вытанчанае мастацкае рашэнне, якое стала народным геральдычным сімвалам. Па загадзе сэрца беларусы абралі сабе гэты знак. Гэта неафіцыйны сімвал народнага адзінства».
Чаму важна ведаць гісторыю сімвалаў
Як адзначыў Яўген Каваленка, дзяржаўныя сімвалы — гэта не проста атрыбуты. «У іх — ілюстрацыя велізарнага ўнёску беларускага народа ў перамогу над фашызмам, ратны подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, аднаўленне разбуранай эканомікі і развіццё краіны. Гэтыя сімвалы — аблічча нашага адзінства і незалежнасці. Таму мы абавязаны захоўваць нашу гістарычную памяць і забяспечваць упарадкаванасць адносін у гэтай сферы».

У канферэнц-зале Нацыянальнага архіва Беларусі адбылося чарговае пасяджэнне міжведамаснай рабочай группы па праекце Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях афіцыйных геральдычных сімвалаў». Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам міністра юстыцыі Яўгена Каваленкі з удзелам дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Андрэя Мацельскага, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства абароны, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Палаты прадстаўнікоў і іншых ведамстваў.
Распрацоўка законапраекта ажыццяўлялася Міністэрствам юстыцыі ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год. Вынікам работы стала рэдакцыя законапраекта, у якой адлюстраваны прынцыпы стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў, устаноўлены патрабаванні да іх апісання і выявы, уведзена забарона на нашэнне нагрудных знакаў асобамі, не надзеленымі такім правам, а таксама ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць за парушэнне ўказанай забароны.

*** **** ****
Арганізатары выставы запрашаюць усіх ахвотных наведаць экспазіцыю, якая працягнецца некалькі дзён у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 2-і паверх). Уваход вольны. Гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з тым, як стваралася і развівалася геральдычная сістэма нашай краіны, і ўбачыць на свае вочы галоўныя сімвалы беларускай дзяржаўнасці.
Надзея ЗУЕВА
Фота прадстаўлена прэс-службай ведамства