Top.Mail.Ru

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання

Кніга «Памяці загінулых у імя жывых» выдадзена на аснове матэрыялаў аднайменнага літаратурна-музычнага конкурсу, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ім узялі ўдзел пісьменнікі, кампазітары, выканаўцы з Беларусі, Расіі, Літвы.


Старшыня журы, паэтэса Таццяна Яцук адзначыла, што выданне «Памяці загінулых у імя жывых» — вынік плённай працы як прафесійных аўтараў, так і творцаў, якія пачынаюць шлях у сучаснай беларускай літаратуры.

— Мы прэзентуем зборнік памяці, зборнік болю, зборнік мальбы за тое светлае, што сёння маем і што хочацца зберагчы на ўсё жыццё. Кніга створана на матэрыялах конкурсу, у якім удзельнічалі 83 чалавекі. У зборніку прадстаўлены творы пераможцаў у трох намінацыях: проза, паэзія і песня. Матэрыялы, дасланыя аўтарамі, праўдзівыя, заснаваныя на канкрэтных фактах з біяграфій сведкаў тых падзей: бабуль, дзядуль, родных і знаёмых. Гэтая тэма ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Нягледзячы на тое што прайшло ўжо 80 гадоў, і сёння наша сэрца баліць. Магілу майго дзеда, які загінуў у Вільнюсе, адшукалі толькі праз 70 гадоў, а колькі імёнаў яшчэ застаецца ў забыцці...

Лейтматывам прэзентацыі стаў Усенародны дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. І невыпадкова, бо каштоўнымі матэрыяламі зборнік з’яўляюцца пазаконкурсныя публікацыі даследчыкаў, што змяшчаюць успаміны вязняў канцэнтрацыйных лагераў — людзей, якія прайшлі невыносныя выпрабаванні, выжылі, каб сёння расказаць нам праўду аб страшным ліхалецці. 

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў падкрэсліў, што гэты зборнік перш за ўсё патрэбны маладому пакаленню, якое будуе агульную будучыню і якое цяпер будзе адказным за наша мірнае неба.

На прэзентацыі ў выкананні аўтараў прагучалі паэтычныя і музычныя творы, якія ўвайшлі ў зборнік «Памяці загінулых у імя жівых». Песню «Салдат перамогі», якая атрымала Гран-пры літаратурна-музычнага конкурсу, выканаў паэт-песеннік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы Канстанцін Цыбульскі. Твор заснаваны на рэальных падзеях, што адбыліся з яго дзядзькам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю