Кніжная экспазіцыя «Францыск Скарына: жыццё дзеля Слова» змяшчае звыш 150 даведачных, навуковых, навукова-папулярных, літаратурна-мастацкіх выданняў і ілюстрацыйны матэрыял, прысвечаны першадрукару, перакладчыку і выдаўцу Бібліі.
Выставачны праект прымеркаваны да 535-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны, а таксама 500-годдзя выдання апошняй надрукаванай ім кнігі «Апостал».
Выстаўка складаецца з некалькіх раздзелаў, якія змяшчаюць выданні, якія асвятляюць пэўныя тэмы даследавання жыцця і дзейнасці знакамітага ўраджэнца беларускай зямлі: «Святло друкаванага слова», «Чалавек свету з Полацка», «Падарожжа ў свет выданняў Францыска Скарыны», «Слова Францыска Скарыны ў сучасным свеце», «Адкрыць нашчадкам Францыска Скарыну». Асобе першадрукара прысвечаны шматлікія выданні і артыкулы ў калектыўных зборніках, напісаныя беларускімі і рускімі вучонымі ХІХ-ХХ стагоддзяў. У экспазіцыі можна пабачыць працы Пятра Уладзімірава, Яўгена Неміроўскага, Вячаслава Чамярыцкага, Адама Мальдзіса, Алега Лойкі, Віктара Шматава, Аркадзя Жураўскага, Георгія Галенчанкі, Уладзіміра Конана і іншых.
Змешчаныя на выставе матэрыялы паказваюць, як мяняліся падыходы да вывучэння і папулярызацыі пакінутай Скарынам спадчыны. У выданнях асвятляюцца розныя аспекты духоўнай і грамадска-палітычнай гісторыі Беларусі, паказваецца эпоха, сацыяльнае і культурнае асяроддзе, у якім жыў асветнік. Таксама даследчыкі вывучалі філасофскія і гуманістычныя погляды Скарыны, яго ролю ў развіцці беларускай мовы, літаратуры і пісьменства.
Фота аўтара