Top.Mail.Ru

У Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў круглы стол «Шматдзетная Беларусь»

Яго арганізатары ў Тыдзень бацькоўскай любові вырашылі сабраць маладых людзей, якія толькі рыхтуюцца да ўступлення ў шлюб, студэнтаў, а таксама прадстаўнікоў шматдзетных сем’яў, каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з захаваннем традыцыйных каштоўнасцяў, паказаць ролю духоўных і рэлігійных асноў у выхаванні дзяцей і захаванні гармоніі ў доме. Ключавым з іх стала пытанне, што трэба зрабіць для таго, каб шматдзетныя сем’і сталі трэндам. Таксама маладым людзям расказалі, на якую дзяржаўную падтрымку яны могуць разлічваць пры выхаванні дзяцей. 



У якасці экспертаў на дыялогавай пляцоўцы выступілі прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, псіхолагі, актывісты грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын». Шматдзетныя мамы падзяліліся ўласнымі сакрэтамі ў выхаванні, расказалі пра традыцыі і рэліквіі, якія перадаюцца ад старэйшых пакаленняў. 

Падчас круглага стала прайшла прэзентацыя ініцыятывы «Беларусь шматдзетная», мэта якой паказаць вопыт паспяховых бацькоў як патэнцыял: вялікія сем’і ствараюць умовы для гарманічнага развіцця малых, выхоўваюць у іх узаемапавагу, уменне клапаціцца пра іншых, працавітасць. Менавіта такі чалавечы капітал з’яўляецца трывалым фундаментам для будучыні краіны. У рамках ініцыятывы праводзяцца праекты, якія дазваляюць аб’яднаць шматдзетныя сем’і, стварыць пляцоўкі для жывых зносін, а таксама прывіваць маладому пакаленню моду на бацькоўства. Арганізатары падрыхтавалі тэматычную экспазіцыю і фотавыстаўку, прысвечаныя традыцыйным каштоўнасцям і сем’ям, чый вопыт можа натхняць іншых. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю