Top.Mail.Ru
315

У Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў патрыятычны тэлемост

Нацыянальная бібліятэка правяла беларуска-расійскі тэлемост «Піянеры-героі», які аб’яднаў прадстаўнікоў устаноў культуры і адукацыі Мінска, Масквы, Екацярынбурга, Гур’еўска, Нікалаеўска-на-Амуры, Камсамольска-на-Амуры і Казані. Дзеці і педагогі расказвалі пра праграмы па патрыятычным выхаванні, праекты па захаванні гістарычнай памяці, дзяліліся вынікамі даследчыцкіх работ, звязаных з юнымі героямі Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі тэлемоста абмяркоўвалі таксама ідэі для далейшага супрацоўніцтва. Напрыклад, матэрыялы, адшуканыя беларускімі і расійскімі школьнікамі пра подзвігі піянераў-герояў з розных куткоў Савецкага Саюза, можна было б аб’яднаць у адным выданні. 


Гэтая віртуальная сустрэча прайшла ў рамках маштабнага патрыятычнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі «Быць годнымі іх Вялікай Перамогі», які атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры ў 2025 годзе. Да яго ўжо падключылася каля 10 тысяч чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Па ініцыятыве арганізатараў у розных кутках краіны, у тым ліку на базе раённых і сельскіх устаноў, працавалі тэматычныя кніжныя выстаўкі, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай вайны, генацыду, абаронцам Брэсцкай крэпасці, піянерам-героям. Як патлумачыла кіраўнік праекта, галоўны бібліёграф аддзела «Інфармацыйна-асветніцкі цэнтр» Нацыянальнай бібліятэкі Вольга Палунчанка, выданні з галоўнай кніжнай скарбніцы толькі ў крайніх выпадках могуць вывозіцца за яе межы, але да 80-годдзя Вялікай Перамогі было прынята адмысловае рашэнне зрабіць іх больш даступнымі для дзяцей. Таксама былі створаны копіі найбольш каштоўных і рэдкіх мастацкіх дакументаў, сярод якіх — партрэты юных герояў Вялікай Айчыннай вайны, рэпрадукцыі, лінагравюры. 

У рамках праекта праводзяцца бібліяграфічныя ўрокі, прысвечаныя піянерам-героям, паэтычныя вечары, творчыя конкурсы. Пасля знаёмства з кніжнымі экспазіцыямі дзеці дзеляцца сваімі ўражаннямі, ствараюць малюнкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны і на сюжэты мастацкіх твораў, у якіх апісаны ваенныя падзеі. Таксама дзеці распрацоўваюць красворды на гістарычную тэматыку. Праект пасадзейнічаў актывізацыі даследчыцкай работы сярод школьнікаў. У рамках яго нават прайшла першая дзіцячая рэспубліканская канферэнцыя «Застацца чалавекам у полымі вайны». Даклады юных даследчыкаў, якія прагучалі на ёй, былі надрукаваны ў аднайменнай кнізе. Яна будзе перададзена у буйныя бібліятэкі Беларусі і Расіі, запыты на кнігу паступаюць і ад розных навучальных устаноў. У рамках праекта дзякуючы школьнікам пабачыла свет і яшчэ адно ўнікальнае выданне — дзённік вязня лагераў для ваеннапалонных Канстанціна Шчарбакова. Школьнікі самі набралі тэксты, пастараліся захаваць усе асаблівасці рукапісу. Патрыятычны праект Нацыянальнай бібліятэкі паказаў юным даследчыкам, як іх пошукавая работа можа быць запатрабавана.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.

Чытайце таксама: Калядныя чытанні адкрыюцца 2 снежня ў Мінску

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю