Top.Mail.Ru
227

У Нацыянальны каляндар прышчэпак унеслі вакцынацыю супраць яшчэ трох інфекцый

З гэтага года прынята рашэнне аб унясенні ў Нацыянальны каляндар прышчэпак вакцынацыі супраць яшчэ трох інфекцый: ВПЧ (віруса папіломы чалавека), пнеўмакокавай інфекцыі і дадатковая рэвакцынацыя супраць коклюшу. Чаму менавіта гэтыя прышчэпкі былі дададзены ў Нацыянальны каляндар, тлумачыць урач-інфекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Дар’я Петрачук.


— Наколькі небяспечная пнеўмакокавая інфекцыя і для каго асабліва?

— На мой погляд, вакцынацыя была неабходная, асабліва для немаўляці. Да 2025 года прышчэпку бясплатна атрымлівалі толькі дзеці з груп рызыкі па цяжкім ходзе гэтай інфекцыі.

Пнеўмакокавая інфекцыя — рэспіраторнае захворванне, якое праяўляецца цыркуляцыяй пнеўмакока ў насаглотцы, альбо развіццём захворвання ў выглядзе неінвазійных формаў. Напрыклад, вострага сярэдняга атыту і пнеўманіі без бактэрыямій альбо інвазійных формаў — сепсісу, гнойнага менінгіту, пнеўманіі з бактэрыяміяй, эндакардыту, перыкардыту, артрыту, астэаміэліту. Найбольш схільныя да развіцця клінічна значных форм пнеўмакокавай інфекцыі дзеці першых пяці гадоў жыцця.

У дзяцей да двух гадоў пнеўмакок сябе паводзіць вельмі агрэсіўна і выклікае ў асноўным генералізаваныя формы інфекцыі, таму так важна абараніць немаўля як мага раней. Таксама ў гэтай групы верагодныя ўскладненні. У 54 % выпадкаў страта слыху звязана з перанесеным пнеўмакокавым менінгітам. Пасля пнеўмакокавага менінгаэнцэфаліту ў 15 % выпадках застаецца сутаргавы сіндром, паралічы, затрымка разумовага развіцця, а ў 30 % выпадкаў маюцца неўралагічныя парушэнні.

СААЗ рэкамендуе трохдозавую схему вакцынацыі, пачынаючы з узросту 6 тыдняў. Такая схема будзе выкарыстоўвацца і ў нас: вакцынацыя з дзвюх доз у першым паўгоддзі жыцця з бустарам у год.

— Растлумачце, навошта дадатковая прышчэпка ад коклюшу.

— Да 2025 года апошняя рэвакцынацыя супраць коклюшу была ў дзяцей у 18 месяцаў. А з гэтага года будзе яшчэ і дадатковы бустар у шэсць гадоў. Гэтай тэндэнцыі прытрымліваецца ўвесь свет, каб падоўжыць імунітэт ад дадзенай інфекцыі, і наша краіна не з’яўляецца выключэннем.

Інфекцыя вельмі каварная: тыповы «стадзённы кашаль» з’яўляецца не адразу, і спярша хворы не будзе мець ніякіх адметных прыкмет коклюшу. А ў прышчэпленага класічная карціна коклюшу так і не выявіцца. Але менавіта на першым тыдні хваробы чалавек максімальна заразны, асабліва для дзяцей груднога ўзросту, бо сваю першую вакцыну яны атрымаюць у два месяцы, і калі мама не атрымала падчас цяжарнасці прышчэпку ад коклюшу, то дзіця стэрыльнае. І ў такіх дзяцей коклюш як правіла працякае ў рэанімацыі, з дыхальнай недастатковасцю і ўскладненнямі.

— Сёлета пачнуць прышчэпліваць дзяўчынак з 11 гадоў супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ)…

— На сёння вядома больш за 100 вірусаў папіломы чалавека. Частка з іх з’яўляецца правакатарам скурных утварэнняў — папілом, кандылом, бародавак. Іншыя атакуюць слізістыя палавых органаў. Гэта група папіломавірусаў уключае нізка- і высокаанкагенныя штамы. Пры інфіцыраванні нізкаанкагенымі штамамі інфекцыя спыняецца на стадыі папілом і кандылом, у адрозненне ад высокаанкагенных сератыпаў, пры заражэнні якімі існуе значная рызыка пераходу інфекцыі ў пухлінную трансфармацыю. Існуе па меншай меры 14 высокаанкагенных штамаў. Найбольш часта сустракаюцца 16-ы і 18-ы сератыпы. Менавіта яны і ўтрымліваюцца ў вакцыне. Сумарна яны адказваюць за 70 % выпадкаў раку шыйкі маткі. Далучэнне іншых штамаў павышае рызыку анкапаталогіі да 90 %. Безумоўна, вірус папіломы чалавека выклікае не толькі рак шыйкі маткі, але і анказахворванні іншых лакалізацый.

Загаловак у газеце: Супраць пнеўмакока, коклюшу і ВПЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю