У Навагрудскім раёне легкавік сарваўся з абрыву ў раку. Пра гэта БелТА паведамілі ў АСВОДзе.
Паведамляецца, што інцыдэнт адбыўся сёння паблізу в. Любча. Кампанія прыехала на Нёман рыбачыць, але пачалася моцная навальніца. Адпачывальнікі вырашылі перагнаць машыну далей ад вады. Пры развароце на слізкім ад залевы грунце легкавік страціў счапленне і пачаў з’язджаць з абрыву. Кіроўца паспеў выскачыць з салона і не пацярпеў. Машына цалкам сышла пад ваду.
Аўтаўладальнік звярнуўся па дапамогу ў Гродзенскую абласную арганізацыю АСВОД. Работнікі Лідскай выратавальнай станцыі з дапамогай спецтэхнікі і вадалазнага рыштунку аператыўна знайшлі і дасталі машыну з вады.