Top.Mail.Ru

У Навагрудскім раёне пройдзе адкрыты абласны фестываль памяці Уладзіміра Высоцкага

Абласны адкрыты фестываль бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага пройдзе ў Навагрудскім раёне 25 і 26 ліпеня.



Сёлета фестываль аб’яднае больш за два дзясяткі выканаўцаў. Заяўкі ўжо паступілі з розных абласцей Беларусі.

Як расказала начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Марына Шабановіч, фестываль традыцыйна пройдзе на дзвюх пляцоўках. У першы дзень удзельнікі збяруцца на возеры Літоўка.

«На фестывалі разгорнуцца некалькі лакацый, — адзначыла Марына Шабановіч. — Бібліятэкары прадставяць цікавыя факты аб творчай спадчыне паэта, ахвотныя прачытаюць яго вершы каля адкрытага мікрафона, мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей рыхтуе выставу, якая расказвае аб знаходжанні Высоцкага на Навагрудчыне. Кінафікатары пакажуць фільмы з яго ўдзелам, а на квэст-пляцоўцы трэба будзе адгадаць песні па першых акордах. Рамеснікі прапануюць тэматычныя сувеніры».


Гасцям таксама абяцаюць катанне на лодках па маляўнічым возеры. Увечары і да поўначы на арт-лакацыі будуць гучаць бардаўскія песні каля вогнішча. На першы дзень фестывалю таксама запланавана фаер-шоу і выступленне кавер-групы.

26 ліпеня фестываль завершыцца ў Навагрудку акцыяй «Гадзіна памяці» каля бюста Уладзіміра Высоцкага ў гарадскім парку.

Улетку 1969 года Уладзімір Высоцкі правёў некалькі тыдняў на Навагрудчыне (у прыватнасці, у вёсцы Літоўка і ў самім Навагрудку) падчас здымак фільма «Сыны ідуць у бой». Тут у адну ноч паэт напісаў адразу чатыры шэдэўры, тры з іх увайшлі ў фільм Турава — «Ён не вярнуўся з бою», «Сыны ідуць у бой» і «Песня аб зямлі». Пасля гэтай паездкі ў Літоўку была напісана і адна з лепшых лірычных песень Высоцкага «Здесь лапы у елей дрожат на весу».

Цяпер яго знаходжанне ўшанавана ў мясцовым помніку і штогадовым бардаўскім фестывалі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю