Фотавыстава Анатоля Дудкіна «Нарачанскія ўдовы», прымеркаваная да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня адкрылася ў галерэі «Мабільная» на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У экспазіцыі прадстаўлены цыклы «Нарачанскія ўдовы», «Зямля і людзі» беларускага фатографа Анатоля Дудкіна. Кожны фотаздымак знаёміць гледача з рознымі лёсамі той вайны і гісторыі нашай краіны, якія глыбока адбіліся ў рысах і вобразах партрэтаў жыхароў Нарачанскага краю.

— Анатоль Дудкін захаваў тую трагедыю, якая была напісана ў вачах жанчын. Чаму выстава называецца «Нарачанскія ўдовы»? Таму што акцэнт зроблены на тым, як жанчыны ўзялі на сябе вялікі цяжар той вайны, менавіта праз іх вобразы адчуваецца ўся трагедыя тых падзей, — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара НББ Людміла Высоцкая.


Таксама на адкрыцці выставы прысутнічаў старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Уладзіслаў Рута. Паводле яго слоў, менавіта фатаграфія — гэта той від мастацтва, галоўнай асобай якой з’яўляецца дакументальнасць падзеі, эмоцый, ландшафту, што вельмі каштоўна ў наш час, дзе ўсё большыя абароты набірае штучны інтэлект.

— На гэтай выставе мы бачым твары сведкаў вайны. Кожная фатаграфія — дакументальнае сведчанне трагедыі, якая не павінна паўтарыцца, — падкрэсліў ён.
Серыя «Нарачанскія ўдовы» створана ў 1980-я гг. у вёсках навокал Мядзельскага возера. Гэта чорна-белыя партрэты, праз якія раскрываюцца гісторыі жанчын, якія адправілі мужоў на фронт і не дачакаліся іх. Другая частка выставы з цыкла «Зямля і людзі» знята ў пасёлку Лотва за Мядзелем. У гэтых фотаздымках гледачам раскрываецца тэма сялянскай працы і чалавечага лёсу на зямлі. Увогуле абедзве серыі яднае тое, што гэта партрэт часу, захаваны ў тварах і вачах простых беларусаў.

Наведаць экспазіцыю можна да 21 ліпеня 2026 года.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара