У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь працуе выставачны праект «Блакада. Карткі», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Выстаўка арганізавана па ініцыятыве Дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая. Куратар праекта — расійскі калекцыянер і грамадскі дзеяч Аляксей Семянцоў.
Выстаўка «Блакада. Карткі» прысвечана гісторыі мужнага супраціўлення ленінградцаў падчас блакады, абароны горада, ролі культуры і яе падтрымкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі — харчовыя карткі, пасведчанні, дакументы, якія расказваюць пра ваенную паўсядзённасць жыхароў горада. Фотаздымкі блакаднага Ленінграда, выкананыя супрацоўнікамі рэдакцыі «Ленинградская правда», і фотаздымкі, якія зафіксавалі культурнае жыццё горада ў гады вайны, адлюстроўваюць духоўны стан насельніцта, якое, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, працягвала трымацца за звыклы парадак жыцця, захоўваць чалавечнасць і веру ў перамогу.
— Слёзы, якія нагортваюцца тут, калі ўспамінаеш блакадны Ленінград — як людзі выжывалі і радаваліся кожнаму сонечнаму дню, натхняліся гэтым і пераадольвалі ўсе цяжкасці, — сведчаць: рана і дагэтуль не зажыла. Сёння мы жывём у мірнай краіне, маем усё для дасягнення мэт і здзяйснення мар, аднак мы павінны разумець, што толькі разам, толькі сумеснымі намаганнямі можам захаваць і прымножыць тое, што ёсць цяпер, — выступіў на адкрыцці выстаўкі грамадскі дзеяч, заснавальнік дабрачыннага фонду і адзін з арганізатараў выстаўкі Аляксей Талай.
На адкрыцці адбылася прэзентацыя каталога «Блакада. Карткі», які змяшчае ленінградскія паштоўкі гадоў Вялікай Айчыннай вайны з калекцыі Аляксея Семянцова. Лічбавыя копіі паштовак можна ўбачыць на выстаўцы.
Сведчаннем мужнасці жыхароў горада ва ўмовах аблогі, голаду і адсутнасці рэсурсаў, а таксама летапісам падзей мінулага сталі кнігі, выдадзеныя ў Ленінградзе ў перыяд блакады, сярод якіх — «Лютаўскі дзённік» Вольгі Бергольц, вершы Міхаіла Дудзіна, дзіцячыя кнігі з каляровымі ілюстрацыямі, метадычныя дапаможнікі для педагогаў і навучальныя брашуры, неабходныя фронту і тылу.
Як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая, праект «Блакада. Карткі» кранае ўнікальнымі і рэдкімі экспанатамі, якія адкрываюць для нас новыя грані даўно знаёмай гісторыі.
— Гэта не першая выстаўка ў гэтым годзе, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі, якая праходзіць у сценах Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак праект «Блакада. Карткі» здзіўляе не толькі рэдкімі экспанатамі, але і асабістымі гісторыямі жыцця, што хаваюцца за кожным прадметам. Мы шмат ведаем пра блакаду Ленінграда — страшную трагедыю, якую перажылі гэтыя людзі. Але на выстаўцы можна адчуць, што яны не палі духам перад цяжкімі выпрабаваннямі вайны, а спрабавалі захаваць аптымістычны настрой і паўнацэнна жыць у ваенных умовах: хадзілі на канцэрты, выдавалі кнігі, малявалі паштоўкі. Іх жыццё было напоўнена сэнсам — перамагчы. І гэты настрой можна адчуць у сценах Нацыянальнай бібліятэкі, — падкрэсліла Людміла Высоцкая.
Пасля блакады многія ленінградцы былі вымушаны пакінуць родны горад і знайці дом на чужыне. Для некаторых такім домам стала Беларусь.
На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі прадстаўнікі Беларускага саюза блакаднікаў Ленінграда.

— У жыцці кожнага чалавека бываюць незабыўныя хвіліны. І такі дзень настаў сёння. Хоць мы жывём у Беларусі, Ленінград застаецца ў нашай памяці. І наша задача сёння — расказаць моладзі пра ваенныя падзеі, пра тых, хто не заспеў мірнага неба і росквіту краіны, каго забрала блакада... — падзялілася старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз блакаднікаў Ленінграда» ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Ягадніцына.
Выставачны праект працуе да 28 верасня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара