Top.Mail.Ru

У Ніжнім Ноўгарадзе адбылося пленарнае пасяджэнне XII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Яго тэма — «Моладзь Беларусі і Расіі — спадчыннікі Вялікай Перамогі і будучыня Саюзнай дзяржавы». У сваіх відэазваротах да ўдзельнікаў форуму звярнуліся лідары Беларусі і Расіі.


«Падрыхтаваць дастойную змену і дзейнічаць на апярэджанне»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным тое, што ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі Форум рэгіёнаў праводзіцца ў Ніжнім Ноўгарадзе і прысвечаны юным спадчыннікам пераможцаў — моладзі. «Бо будучыня нашых краін — у руках маладога пакалення, — патлумачыў беларускі лідар. — І менавіта ад яго залежаць месца і роля Беларусі і Расіі на будучай геапалітычнай карце свету. Мы павінны падрыхтаваць дастойную змену з маладых і амбіцыйных, якія разумеюць сусветныя тэндэнцыі, умеюць думаць і дзейнічаць на апярэджанне». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, за гады існавання гэты міжрэгіянальны саміт даказаў і неаднаразова пацвердзіў сваю эканамічную эфектыўнасць. «Падпісаны сотні пагадненняў і камерцыйных кантрактаў, агульныя сумы якіх супастаўныя з бюджэтамі асобных краін, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Наша стратэгічнае партнёрства садзейнічае ўмацаванню супрацоўніцтва, дае магчымасць эфектыўна супрацьстаяць знешняму ціску, своечасова рэагаваць на глабальныя выклікі сучаснасці, аберагаць нашы традыцыі і духоўна-маральныя каштоўнасці».

Як звярнуў увагу Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, на форуме, прысвечаным пытанням падтрымкі моладзі, у дэталях абмяркоўваецца, як раскрыць таленты, прафесійны, інтэлектуальны і творчы патэнцыял маладых людзей, як дапамагчы ім самарэалізавацца, праявіць сябе, прынесці карысць Радзіме. «І вядома, трэба думаць аб тым, як фарміраваць у моладзі надзейныя духоўна-маральныя арыенціры, — сказаў расійскі лідар. — А яны ў характары нашых народаў: гэта традыцыйныя каштоўнасці сям’і, клопат аб бацьках, любоў да дзяцей, патрыятызм, служэнне Айчыне».
«Агульная праўда — стрыжань, вакол якога крышталізуецца нацыя»

Як адзначыла падчас пленарнага пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, моладзь, якой прысвечаны сёлетні форум, — стратэгічны рэсурс і драйвер развіцця. «З ёй мы звязваем нашы надзеі на мірную і шчаслівую будучыню, у якой Саюзная дзяржава будзе адыгрываць яркую ролю на геапалітычнай карце свету, — заўважыла яна. — І найперш наш абавязак — перадаць вялікую духоўную спадчыну тым, хто ідзе за намі. Каб яны ўспрымалі гераічны шлях народа-пераможцы як частку свайго асабістага лёсу, а задачу быць годнымі прадаўжальнікамі іх слаўных спраў — як унутранае патрабаванне. Сумесна перажытыя трагедыі і войны, агульная праўда — гэта стрыжань, вакол якога фарміруецца і крышталізуецца нацыя».

Па словах спікера, спробы знешніх сіл уцягнуць моладзь у дэструктыўную дзейнасць, навязаць ім псеўдакаштоўнасці падштурхнулі да выпрацоўкі новых сумесных падыходаў да маладзёжнай палітыкі, заснаваных на патрыятызме, адзіным разуменні гістарычных працэсаў і бачанні будучыні Саюзнай дзяржавы. «Ім, маладым, будаваць новую архітэктуру бяспекі, абараняць свабоду і адстойваць права на палітычны, культурны і эканамічны суверэнітэт, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Задача дзяржавы — даць моладзі жыццёвы трамплін і базавыя гарантыі ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, закласці дакладныя арыенціры, заснаваныя на фактах, а не на зрэжысіраваных фэйках».
Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, Саюзная дзяржава з’яўляецца ўнікальным прыкладам таго, як на аснове агульнай гісторыі, традыцый, культурных і духоўных каштоўнасцяў, пераемнасці пакаленняў дзве самадастатковыя суверэнныя краіны на працягу трох дзесяцігоддзяў паступова развіваюцца, без прыгнёту і ўціску інтарэсаў выбудоўваюць сваю мадэль паводзін на міжнародным трэку. «І куды б ні разгойдвала свет, у якія лічбавыя вымярэнні ні ўцягвала б нашу моладзь, важна захаваць наш культурны і гістарычны код, напоўнены багатай і слаўнай гісторыяй, гераічнымі здзяйсненнямі, выдатнымі дасягненнямі і адкрыццямі, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава. — І перадаўшы гэтую багатую спадчыну наступным пакаленням, разам мы зможам забяспечыць бяспечнае і ўстойлівае развіццё нашых краін на доўгія гады наперад».
Старшыня Савета Федэрацыі Валянціна МАТВІЕНКА звярнула ўвагу тое, што сёння Саюзную дзяржаву аб’ектыўна можна назваць адным з найбольш паспяховых і трывалых інтэграцыйных аб’яднанняў. «Бо яно заснавана не толькі на агульных інтарэсах, але і на глыбокім даверы, раўнапраўі, адзінстве гісторыі і каштоўнасцяў нашых народаў, — канкрэтызавала яна. — Разам мы рухаемся наперад. Наша інтэграцыя не стаіць на месцы».

600 пагадненняў і рэкордны тавараабарот 

На палях XII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе таксама адбылася сустрэча Наталлі Качанавай і Валянціны Матвіенкі з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады суб’ектаў Расійскай Федэрацыі і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміла Старшыня Савета Рэспублікі, паміж рэгіёнамі нашай краіны і суб’ектамі Расійскай Федэрацыі заключана і дзейнічае каля 600 пагадненняў па гандлёва-эканамічным, сацыяльна-гуманітарным, навуковым і культурным супрацоўніцтве. «Рэгіянальнае супрацоўніцтва — гэта стрыжань ўсіх тых добрых сувязяў, якія склаліся паміж нашымі краінамі, — падкрэсліла спікер. — Мы гатовыя да супрацоўніцтва з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, бо вырашаць задачы, якія мы вырашаем на сучасным этапе, можна разам, і гэта будзе больш рэзультатыўна і эфектыўна». 
Па словах Наталлі Качанавай, толькі за мінулы год адбылося 129 візітаў рознага ўзроўню беларускіх дэлегацый у расійскія рэгіёны, а Беларусь наведалі 132 дэлегацыі з Расіі. «І кожны раз, калі да нас прыязджаюць расійскія губернатары, наш Прэзідэнт сустракаецца з імі, і гэта надае новы імпульс для супрацоўніцтва, — канстатавала яна. — Аляксандр Рыгоравіч нам часта гаворыць: важна супрацоўнічаць на ўсіх узроўнях, але тое, што робіцца ў рэгіянальным плане (паміж губернатарамі нашых краін), часам дае магчымасць вырашаць задачы больш хутка, эфектыўна і якасна».
Валянціна Матвіенка звярнула ўвагу, што за апошнія пяць гадоў узаемны тавараабарот вырас у 1,8 раза. Па выніках мінулага года, па яе словах, тавараабарот пабіў чарговы рэкорд і склаў 4,6 трлн. расійскіх рублёў. Старшыня Савета Федэрацыі адзначыла, што на якасна новы ўзровень выйшлі прамысловыя, адукацыйныя, гуманітарныя сувязі, праекты ў сферы высокіх тэхналогій, дынамічна развіваецца і турыстычная галіна. 
«Час паказаў: нягледзячы ні на які знешні націск, мы працягваем супрацоўнічаць, расці, асвойваць новыя напрамкі, — падкрэсліла спікер. — І адна з прычын такой устойлівасці, на мой погляд, крыецца ў тым ліку ў развітой міжрэгіянальнай кааперацыі: узаемавыгаднай, эфектыўнай, без абмежаванняў і бар’ераў. Упэўнена, што нашы рэгіёны будуць працягваць карыстацца гэтай унікальнай магчымасцю. Сувязі ў эканоміцы, у іншых сферах будуць з году ў год толькі мацнець». 
Паводле БелТА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю