Нягледзячы на намаганні валанцёраў і спецыялістаў, выратаваць іх не ўдалося.
Дэпартамент аховы прыроды Новай Зеландыі паведаміў у Facebook аб 43 кітах, якіх выкінула на бераг у аддаленым раёне ўсходняга ўзбярэжжа краіны.
Масавы выкід кітоў на бераг выявілі раніцай 5 лістапада. У той момант некалькі жывёл былі яшчэ жывыя, і супрацоўнікі прыродаахоўнай службы паспрабавалі вярнуць іх у мора разам з валанцёрамі і прадстаўнікамі мясцовага племені маоры, але выратаваць іх не ўдалося.
У прыродаахоўнай арганізацыі Project Jonah паведамілі, што выратавальнай аперацыі перашкаджалі моцны прыбой, цяжкадаступнасць узбярэжжа і вострыя камяні ў зоне прыліву і адліву. Цяпер гэты ўчастак узбярэжжа часова закрыты для наведвання.
Кіты ўяўляюць асаблівую каштоўнасць для культуры маоры, таму пляж закрыты для правядзення традыцыйных абрадаў, звязаных з доглядам загінулых жывёл і іх пахаваннем.
Па даных дэпартамента аховы прыроды, з 1840 года ў Новай Зеландыі зарэгістравана больш за 5000 выпадкаў выкіду кітоў і дэльфінаў на бераг. Пры адным выкідзе могуць пацярпець або загінуць дзясяткі ці нават сотні жывёл — даныя з 1978 па 2013 год паведамляюць пра больш за 11 тысяч кітоў і дэльфінаў, якія выкінуліся.