Бяспечны ўваход у свет электронных лічбавых паслуг
З развіццём электронных сэрвісаў у нашай краіне расце і патрэба ў сродках электроннага лічбавага подпісу (далей — ЭЛП), якія шырока выкарыстоўваюцца ў сістэмах электроннага дакументаабароту, для падачы падатковых дэкларацый, статыстычнай і іншай справаздачнасці ў электронным выглядзе. Яны таксама дазваляюць атрымаць доступ да максімальна шырокага спектра электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур, рэалізаваных на Адзіным партале электронных паслуг.
Простай мовай пра тое, што такое ключ ЭЛП, расказаў першы намеснік дырэктара НЦЭП Андрэй ФІЛІПЕНКА. «Ключ электроннага лічбавага подпісу — бяспечны і камфортны ўваход у свет электронных лічбавых паслуг, якія маюць юрыдычнае значэнне. Ключ, які мы атрымліваем на флэшцы або на ID-карце, або мабільны электронны лічбавы подпіс, дазваляе выканаць некалькі задач», — адзначыў Андрэй Філіпенка.

Па-першае, пры ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі інфармацыйнымі сістэмамі — яны могуць ідэнтыфікаваць, які канкрэтна чалавек з імі ўзаемадзейнічае.
Па-другое, у інфармацыйных сістэмах карыстальнікі часта ствараюць электронныя дакументы. Тая інфармацыя, якая падпісана ключом электроннага лічбавага подпісу, з’яўляецца электронным дакументам, які мае такую ж юрыдычную сілу, як і папяровы дакумент. Яго можна захаваць у электронным архіве і ў далейшым выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.
«Трэба сказаць, што наяўнасць ключа электроннага лічбавага подпісу ў чалавека дазваляе разлічваць на тое, што ад яго імя не будзе дзейнічаць ніхто іншы», — дадаў першы намеснік дырэктара НЦЭП.
Каб стаць уладальнікам ЭЛП упершыню, трэба атрымаць ID-карту, куды ўжо ўбудаваны электронны лічбавы подпіс, які дзейнічае на працягу 10 гадоў у адрозненне ад тых электронных лічбавых подпісаў, якія атрымліваюцца на флэшках або на тэлефонных картах, але такія варыянты таксама цалкам магчымыя.
«Дарэчы, у нас у краіне выдадзена каля 500 тысяч ID-карт, — дадаў Андрэй Філіпенка. — Статыстыка паказвае, што ў асноўным людзі атрымліваюць электронны лічбавы подпіс на класічным носьбіце — на флэшцы».
Для таго каб упершыню атрымаць электронны лічбавы подпіс, трэба асабіста звярнуцца ў рэгістрацыйны цэнтр.

У Беларусі створана сетка з 49 пунктаў аказання паслуг на базе 15 рэгістрацыйных цэнтраў, дзе аказваюць увесь спектр паслуг па рэгістрацыі карыстальнікаў, выпуску сертыфікатаў адкрытых ключоў, выдачы сродкаў ЭЛП ва ўсіх абласных, а таксама буйных раённых цэнтрах. За чацвёрты квартал 2025 года і студзень 2026-га ў рамках арганізаваных выездаў было выдадзена больш за дзве тысячы сертыфікатаў ЭЛП, паведамілі ў НЦЭП.
Другі па велічыні рэгістрацыйны цэнтр НЦЭП па выданні, прадаўжэнні, абнаўленні сертыфікатаў ЭЛП запрацаваў у Мінску яшчэ летась. Размяшчэнне новага пункта аказання паслуг Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу Рэспублікі Беларусь абумоўлена блізкасцю адначасова буйной транспартнай артэрыі, кальцавой аўтадарогі і метро — зручна не толькі для жыхароў сталіцы, але і для тых, хто пражывае ў прыгарадзе.
Звяртаючыся ў рэгістрацыйны цэнтр, адзначыў Андрэй Філіпенка, неабходна асабіста прад’явіць дакументы. «Там жа генерыруецца сакрэтны ключ электроннага лічбавага подпісу — і вы атрымліваеце ўваход у гэты лічбавы свет», — дадаў ён.
Сертыфікат ключа на флэшцы дзейнічае ад 1 года да 2 гадоў, але па сканчэнні гэтага часу не абавязкова звяртацца ў рэгістрацыйныя цэнтры: можна падоўжыць дзеянне сертыфіката дыстанцыйна, скарыстаўшыся сэрвісамі асабістага кабінета на Адзіным партале электронных паслуг.
Спікер падзяліўся некалькімі парадамі пры атрыманні ключа ЭЛП.
Па-першае, Андрэй Філіпенка заклікаў усіх, каму трэба атрымаць ключы электроннага лічбавага подпісу або падоўжыць сертыфікат, рабіць гэта загадзя.
Па-другое, прыярытэтам НЦЭП пры атрыманні ключа ЭЛП з’яўляецца бяспека працэсу, у другую чаргу — камфорт. «Трэба пачытаць інструкцыю. Можна звязацца з тэхнічнай падтрымкай — у нас у электронным выглядзе ідзе перапіска са службай тэхнічнай падтрымкі, каб тая бачыла, што адбываецца на камп’ютары і магла даць якасную кансультацыю», — адзначыў ён.
У НЦЭП таксама адзначылі, што ў некаторых рэгіёнах краіны, нягледзячы на першапачатковыя прагнозы, дастаткова моцна развілося дыстанцыйнае падаўжэнне сертыфікатаў. «Мы зацікавіліся, чаму ж так адбываецца. І ўбачылі, што многія аўтсорсінгавыя кампаніі, гэта перш за ўсё кампаніі, якія аказваюць бухгалтарскія паслугі, а таксама паслугі па тэхнічнай падтрымцы і суправаджэнні камп’ютараў інжынерных сетак, самі ўмеюць дыстанцыйна падаўжаць сертыфікат і дапамагаюць рабіць гэта сваім кліентам. У некаторых рэгіёнах нават колькасць запланаваных выездаў зменшылася».

Спецыялісты НЦЭП асаблівую ўвагу звярнулі на бяспеку. Дакумент, падпісаны электронным лічбавым подпісам, прыраўноўваецца да папяровага дакумента, на які вы паставілі ўласнаручна подпіс. Таму, калі на прадпрыемстве быў выдадзены электронны лічбавы подпіс камусьці з супрацоўнікаў і гэты спецыяліст звальняецца, або з яго функцыяналу сыходзіць тое, для чаго яму быў неабходны электронны лічбавы подпіс, — паўнамоцныя асобы павінны своечасова адазваць гэты сертыфікат. У НЦЭП адзначылі, што бываюць выпадкі, калі пра гэта забываюць.
Што датычыцца перспектыў, Андрэй Філіпенка выказаў упэўненасць, што ў кожнага паўналетняга жыхара Рэспублікі Беларусь будзе ЭЛП, таму што з’яўляецца ўсё больш і больш дзяржаўных сэрвісаў, якія патрабуюць строгай аўтэнтыфікацыі, пазнавання і атрымання поля даверу ў той ці іншай інфармацыйнай сістэме.
Начальнік рэспубліканскага сведчага цэнтра НЦЭП Уладзімір БАСЬКО дадаў, што лагічным працягам развіцця тэхналогій электроннага лічбавага подпісу стане воблачны электронна-лічбавы подпіс. «У цяперашні час тэхналогія ўжо распрацавана: створаны неабходныя праграмна-тэхнічныя комплексы, якія мы ўжо пачнём тэсціраваць сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі».
Дарэчы, атрымаць трохмільённы сертыфікат электроннага лічбавага подпісу пашчасціла індывідуальнаму прадпрымальніку Ігару СЯРГЕЙЧЫКУ. Цырымонія ўручэння адбылася ў рэгістрацыйным цэнтры НЦЭП у сталічным бізнес-цэнтры «Порт».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА