Top.Mail.Ru

У нядзелю ў Польшчы пройдуць прэзідэнцкія выбары. А ці да іх простым палякам?


Калі ў кішэні пуста...



Першы тур прэзідэнцкіх выбараў павінен адбыцца ўжо ў найбліжэйшую нядзелю, 18 мая. Відавочнага лідара няма, таму ў краіне-суседцы рыхтуюцца да другога тура, правядзенне якога запланавана на 1 чэрвеня. Эксперты вельмі скептычна ацэньваюць магчымасць змены палітычнага курсу польскага істэблішменту, у той час як звычайных грамадзян хвалююць справы надзённыя. І калі ў папярэдніх нумарах мы вельмі падрабязна расказвалі аб кандыдатах і наогул чаканнях ад электаральнага працэсу, то цяпер паглядзелі, што турбуе звычайных грамадзян Польшчы.

Польскі мэблевы сектар, гонар экспарту на сённяшні дзень, знаходзіцца на ростанях. Экспарт падае, запазычанасць расце, а вытворцы сутыкаюцца з неабходнасцю глыбокай трансфармацыі галіны. Польская мэблевая прамысловасць перажывае цяжкія часы, паведамляе «Rzeczpospolіta». Лічбы гавораць самі за сябе. «Цягам двух гадоў кошт вытворчасці мэблі скараціўся на 3 мільярды злотых (амаль на 800 мільёнаў долараў), у 2024 годзе экспарт зменшыўся на 6 %, занятасць знізілася», — устрывожана выданне.

Пры гэтым, згодна з неапублікаванай справаздачай Нацыянальнага рэестра даўгоў, запазычанасць сектара ўжо дасягнула 130 мільёнаў злотых, а лесапрамыслоўцы запазычылі 100 мільёнаў злотых. Як папярэджвае выданне, «калі кітайцы запаўняюць еўрапейскія рынкі таннай мэбляй, то становішча польскіх вытворцаў можа сур’ёзна пацярпець». Экспарт скарачаецца, занятасць падае. Канкурэнцыя з Кітая забівае польскую прамысловасць, робіць выснову выданне.

Не лепш ідуць справы і ў сферы грамадскага харчавання, якая працягвае тануць у даўгах. А чаго здзіўляцца? Калі ў кашальку ў абывацеля пуста, не да паходаў яму па кафэ і рэстаранах. Польскія рэстаратары спадзяюцца, што надыходзячы вясельны сезон дапаможа хоць бы трохі ўздыхнуць больш вольна. Як паведамляе польскае выданне «Бізнес проста», запазычанасць кампаній грамадскага харчавання ў Польшчы, згодна з апошняй справаздачай BІG ІnfoMonіtor, перавысіла 1 мільярд злотых. У прыватнасці, на канец сакавіка 2025 года яна складала 

1,03 мільярда злотых, павялічыўшыся на 0,3 % у гадавым вылічэнні і на 41 % у параўнанні з данымі чатырохгадовай даўнасці.

Як тут вытрываць — невядома...

Паглядзелі, як простыя палякі ацэньваюць свае фінансы, і вось што ўбачылі.

Індэкс фінансавага дабрабыту Premіer ад Fіnax паказвае: фінансавы дабрабыт палякаў складае ўсяго 46 з 100 балаў. Прычым у сегменце апытаных з вельмі нізкай ацэнкай індэкса фінансавага стану больш за ўсё жанчын і рэспандэнтаў ва ўзросце 45–54 гадоў. У даследаваннях Fіnax 36 % усіх палякаў прызналіся, што рэгулярна эканомяць. Пры гэтым кожны чацвёрты жыхар краіны-суседкі ў апошнія тры месяцы адчуваў высокі стрэс з-за свайго фінансавага становішча.

Такія настроі, безумоўна, не самым аптымістычным чынам уплываюць на жаданне польскіх грамадзян удзельнічаць у электаральным працэсе: калі ў кішэні пуста, ці да выбараў прэзідэнта?!

Польскія СМІ заўважылі адну цікавую дэталь: каб улагодзіць электарат, напярэдадні часу Ч цэннік на папулярныя прадукты харчавання стаў зніжацца, але не на ўсё. Журналісты задаюцца пытаннем: «Гэта перадвыбарная стратэгія ці проста супадзенне?»

Паводле апошняга аналізу PanParagon for Busіness Іnsіder Poland, цэннік на папулярныя тавары знізіўся больш чым на 4 %. На думку выдання, больш за ўсё патаннелі таматы (мінус 17 %), перац (5,4 %) і сметанковае масла (2,1 %). Праўда, падаражэла бульба (плюс 7,2 %).

Ці дапаможа гэта ў перадвыбарнай гонцы кіроўнаму лагеру? Паглядзім, выбары ўжо зусім хутка...

У тэму

«Не было ўзнята шмат важных тэм, якія цікавяць простых людзей»

У нядаўнім мінулым польскі суддзя Томаш Шміт, які цяпер жыве ў Беларусі, агучыў у БелТА сваю пазіцыю адносна дэбатаў кандыдатаў, якія прайшлі 

ў панядзелак, 12 мая. Прывядзём вытрымкі:

— На жаль, не было ўзнята шмат важных тэм, якія цікавяць простых людзей: высокія цэны на газ, электрычнасць і прадукты першай неабходнасці. Не было сказана пра цяжкае становішча жыхароў Падляшша, якое стала вынікам варожай у дачыненні да Беларусі палітыкі польскага ўрада. Не было згадана аб пратэсце польскіх перавозчыкаў на граніцы з Украінай. Вельмі мала ўвагі было аддадзена дрэннай сітуацыі ў ахове здароўя і адукацыі.

Не хапала на дэбатах таксама тэм з геапалітычным вымярэннем. Не было згадана аб дагаворы з Францыяй, заключаным 9 мая 2025 года, які мае ў асноўным ваенную накіраванасць. Змаўчалі пра сустрэчу Макрона, Мерца, Стармера, Туска і Зяленскага ў Кіеве ў кантэксце магчымага ўдзелу польскага войска ў аперацыях ва Украіне. Але ж, згодна з Канстытуцыяй Польшчы, прэзідэнт з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі!

Узровень дэбатаў адлюстроўвае ўзровень палітыкаў, а палітычная эліта Польшчы (за рэдкім выключэннем) бярэ прыклад з Бруселя. Таму не варта чакаць высокага ўзроўню дыскусій па важных для краіны палітычных і эканамічных пытаннях.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю