Top.Mail.Ru

У нядзелю прыгрэе да 29 градусаў

Практычна ідэальныя выхадныя

Прахалода хутка адступіць, а на змену ёй прыйдзе ласкавае лета, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. 

У суботу ноччу пераменная воблачнасць, днём воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў — ад слабога да ўмеранага, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы — ад 7 да 13 °С, днём будзе вяртацца цяпло — ад 20 да 26 °С.

У нядзелю нябёсы падораць амаль цалкам сонечнае надвор’е. У асноўным будзе гаспадарыць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём на паўночным усходзе краіны адаб’ецца ўплыў няўстойлівых паветраных мас. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ўдзень у асобных раёнах на паўночным усходзе невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў — ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы — ад 8 да 14 °C, удзень — 22–29 °C.

Яшчэ больш прыемны прагноз даюць доўгатэрміновыя мадэлі. Згодна з іх прагнозам, канец ліпеня і пачатак жніўня ў Беларусі пацешаць сапраўды добрым надвор’ем. Прыкладна з 28 ліпеня на тэрыторыю краіны пачнуць паступаць больш цёплыя паветраныя масы, аднак экстрэмальных тэмператур чакаць не варта. Усталюецца менавіта тое надвор’е, якое многія лічаць ідэальным.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю